Паганяйла: Вінаваціць праваабаронцаў у смерці Кавалёва – бязглузда


Рэцэпту, як трэба было паводзіцца сваякам, не ведае ніхто, упэўнены прадстаўнік БХК.

Пасля таго, як стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка не памілаваў асуджанага за тэракт Уладзіслава Кавалёва, у медыях з’явіліся выказванні, якія абвінавачвалі апазіцыю, праваабаронцаў і маці Кавалёва за розгалас справы. Звароты ў міжнародныя структуры і паездкі за мяжу сваякоў Кавалёва, паводле аўтараў выказванняў, палітызавалі справу і толькі раздражнілі кіраўніка Беларусі.

«Вінаваціць праваабаронцаў, што дапамагалі жанчыне змагацца за жыццё сына, глупства і бязглуздасць. Ніхто не ведае рэцэпту, як трэба паводзіцца ў сітуацыі, у якой апынулася Любоў Кавалёва», – упэўнены Гары Паганяйла.

Паводле праваабаронцы, чакаць ад хворага чалавека цывілізаваных паводзінаў не выпадае. Як і бессэнсоўна шукаць рацыянальнае зерне ў яго ірацыянальных паводзінах. Праваабаронцам вядомы толькі адзін выпадак памілавання цягам перыяду кіравання Аляксандра Лукашэнкі, адзначае Гары Паганяйла.

Само выкананне прысуду ў краіне, са словаў эксперта, «адбываецца найпадлейшым чынам»: асуджанаму не паведамляюць пра дату расстрэлу, і ён пазбаўлены магчымасці ўнутрана падрыхтавацца, паразмаўляць са святаром, развітацца з роднымі. «Сваякам не паведамляюць пра месца пахавання. Чаму? За што асуджаюць на вечныя пакуты бацькоў, віна якіх палягае на тым, што яны нарадзілі гэтага чалавека?» – абураецца праваабаронца.

«Пакаранне, найперш, прадугледжвае раскаянне і перавыхаванне. Але пра якое перавыхаванне можа ісці мова, калі адразу кулю ў патыліцу? Чаму ўвогуле вакол самой працэдуры столькі таямніцаў?» – задае рытарычнае пытанне праваабаронца.

Гары Паганяйла нагадвае, што Беларускі Хельсінкскі камітэт неаднаразова звяртаўся да ўладаў з просьбаю дазволіць ім прысутнічаць на паседжаннях камісіі аб памілаванні. Але запрашэння праваабаронцы не атрымалі ні разу. «Улады не хочуць чуць голасу грамадзянскай супольнасці, хоча адзінаасобна вырашаць лёс асуджанага чалавека. Аднак забойства ад імя дзяржавы навязвае жорсткасць усяму грамадству», – папярэджвае Гары Паганяйла.

belsat.eu

Стужка навінаў