Крыштаповіч рэкламуе кнігу «Беларусь як руская святыня»


Беларусам не ўласцівыя не толькі прадпрымальнасць, але і шляхецкія карані. Доктар філасофскіх навук, прафесар Леў Крыштаповіч заявіў, што ў нашай краіне трэба прыняць «праграму імпартазамяшчэння ідэяў – ідэяў, якія актыўна навязваюцца нам сёння».

Сярод іх ён назваў ідэі агрэсіўнай канкурэнцыі, асабістага поспеху, меркантыльнасці ды іншыя. Выступ адбыўся 15 сакавіка ў Менску на круглым стале «Рэлігійны фактар нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

«Мы мусім культываваць і развіваць нашыя нацыянальныя традыцыі, – заклікаў навуковец. – Праўда, часам пад імі пачынаюць прапагандавацца такія традыцыі, якія, я лічу, не маюць нічога агульнага з ментальнасцю нашага народу. Калі ў нашу беларускую культуру цягнуць Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх як прадстаўнікоў беларускіх шляхецкіх радоў. Гэтыя імёны належаць іншай культуры, іншай ментальнасці».

На меркаванне прафесара, «спробы вывесці беларускую ідэнтычнасць з так званага Вялікага княства Літоўскага ляжаць убаку ад рэальнага працэсу нашага духоўнага ўмацавання і развіцця». «Спецыфіка беларускай ментальнасці склалася такім чынам, што яна фармавалася ў межах самога народу – сялянства і мяшчанства. Вышэйшага этнічнага саслоўя не было, яно было дэнацыяналізаванае», – перакананы Леў Крыштаповіч.

Ён паведаміў прысутным, што большасць сваіх ідэяў выклаў у кнізе «Беларусь як руская святыня», якую адразу прадэманстраваў.

belsat.eu

Стужка навінаў