Якім будзе Дзень Волі?


«Заяўка на плошчу Бангалор – частка плану, каб зняць усе магчымыя адгаворкі ўлады. На забарону будзем рэагаваць байкотам», – заявіў Віктар Івашкевіч, адзін з арганізатараў акцыі, якая мае прайсці 25 сакавіка.

На мітынгу з нагоды Дня Волі, які плануюць правесці 25 сакавіка, будуць не святкаваць і забаўляцца канцэртамі, а змагацца, заявіў палітык.

«Дзень Волі – гэта магло б быць свята, калі б мы дасягнулі таго, што было задэклараванае заснавальнікамі БНР. Пакуль гэта не дасягнутае, гэта дзень змагання за гэтыя ідэалы, дзень пратэсту, дзень дэкларацыі сваёй пазіцыі. Святкаваць няма чаго. Канцэртаў, музыкі, феерверкаў не будзе», – заявіў Івашкевіч.

Паводле яго, рыхтаванне да мітынгу заключаецца ў папулярызацыі сярод людзей інфармацыі пра акцыю, тэхнічнай арганізацыі працэсу і складанні спісу выступоўцаў. «У звязку з тым, што ніякія спонсары не падтрымліваюць матэрыяльна гэтую акцыю, адзінаю крыніцай інфармацыі ёсць незалежныя медыі. Мы звярталіся да ўсіх сяброў і актывістаў аргкамітэту пісаць артыкулы і звароты ў незалежныя медыі. Пакуль толькі я і Лябедзька напісалі артыкулы ў блогах «Беларускага партызана», – паведаміў Івашкевіч.

Палітык расказаў, што падчас Народных сходаў актыўна супрацоўнічаў з нацыянал-бальшавікамі. «Хлопцы ініцыятыўныя, адукаваныя. Добра, што яны зразумелі, «якой нацыі яны болы», яны больш не арыентуюцца на Маскву – гэта падстава для супрацоўніцтва», – адзначыў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў