Жонка Каваленкі просіць змяніць захаду стрымання для мужа


Жонка віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі Алена чарговы раз звярнулася ў Генеральную пракуратуру з просьбаю змяніць захаду стрымання ейнаму мужу.

Як паведаміла Алена Каваленка, 12 сакавіка яна сустрэлася з мужам у пакоі для спатканняў у следчым ізалятары МУС № 1 на вул. Валадарскага ў Менску. “Сяргей выглядае яшчэ больш слабым: у яго запалі вочы, на твары відаць зморшчыны, рухі запаволеныя. Ён выглядае значна горш, чым на спатканні з братам і маці, якое было на мінулым тыдні. Але спыняць галадоўкі не мае намеру. На ўсе мае аргументы пра тое, што трэба спыніць галадоўку, ён не рэагаваў. Сяргей нават не хоча гаварыць на гэтую тэму. Для яго галадоўка – адзіны шлях або да змены захады стрымання, або да скасавання прысуду”, – сказала жонка апазіцыянера.

Паводле яе, цяпер Сяргей важыць 51 кілаграм, а яго нармальная вага была каля 83 кілаграмаў. “Тэмпература цела 35,2 градуса. Ціск 60 на 90. Тым не менш, яму адмаўляюць у шпіталізацыі ў нармальную больніцу”, – адзначыла Алена.

Пасля сустрэчы з мужам яна падала ў Генеральную пракуратуру ўжо трэцяе прашэнне аб змяненні яму захады стрымання. “На першыя два звароты я атрымала адказ, што яны накіраваныя ў суд Першамайскага раёну Віцебску. Я таксама звярталася з аналагічным патрабаваннем у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, але адказу адтуль пакуль не атрымала”, – паведаміла Алена Каваленка.

24 лютага суд Першамайскага раёну Віцебску прысудзіў Сяргея Каваленку да 2 гадоў 1 месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Апазіцыянер абвінавачаны ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, якое вынес апазіцыянеру ў траўні 2010 г. суд Кастрычніцкага раёну Віцебску за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы гораду. З 19 снежня мінулага года Каваленка застаецца ў зняволенні. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку.

belsat.eu

Стужка навінаў