Еўрапарламент дае Менску два тыдні «каб астыгнуць»


Эканамічныя санкцыі могуць стаць для афіцыйнага Менску рэальнасцю ўжо ў гэтым месяцы. Але пакуль што Еўропа бярэ паўзу, каб “даць магчымасць астыгнуць” беларускаму боку. Галоўнаю ўмоваю ўзнаўлення паўнавартасных адносінаў паміж Менскам і Бруселем застаецца вызваленне палітвязняў. Брусель таксама жадае спынення “дыпламатычнай вайны” і “стварэння ўмоваў для вяртання” еўрапейскіх амбасадараў у Менск.

Дэпутаты Еўрапарламенту распрацавалі праект рэзалюцыі, якая заклікае міністраў замежных справаў Еўразвязу да рашучых дзеянняў у дачыненні кіраўніцтва Беларусі ды бізнесоўцаў, што падтрымліваюць рэжым. “Двух тыдняў дастаткова, каб улады ў Менску запрасілі амбасадараў і каб “тэмпература” канфлікту знізілася. Калі за два тыдні гэтага не здарыцца, рэзалюцыя будзе прынятая, паверце мне, яшчэ ў сакавіку”, – заявіў намеснік старшыні Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч.

“Гэты праект вельмі адназначны. Па-першае, ён заклікае міністраў не толькі да дыпламатычных, але і да эканамічных санкцыяў. Не толькі супраць адной асобы, спадара Чыжа, але ў дачыненні цэлага шэрагу беларускіх прадпрымальнікаў, – гаворыць палітык. – Да таго ж у праекце ёсць два параграфы, у якіх гаворыцца пра пачатак дзеянняў, што зробяць немагчымым правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Менску”.

Паводле палітыка, дыпламатычны канфлікт з высыланнем кіраўніцы прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майры Муоры і амбасадара Польшчы Лешэка Шэрэпкі быў выкліканы пагрозаю ўвядзення эканамічных санкцыяў, а не пашырэннем “чорнага спісу” за кошт суддзяў, адказных за палітычныя рэпрэсіі. “Наш сігнал цяпер наступны: гэтыя санкцыі будуць уведзеныя, калі не адбудзецца вяртання да рацыянальнага мыслення. На сёння гэта азначае адмову ад дыпламатычнай вайны, якую распачаў Менск, і па-другое – палітычныя вязні. Гэта ўмовы вяртання да ўвогуле хоць якіх кантактаў з уладамі Беларусі”, – падкрэсліў Яцэк Пратасевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў