Казлоўскі: Афіцэры крытыкуюць уладу на кухнях, а дзеяць не жадаюць


9 сакавіка першаму міністру абароны незалежнай Беларусі Паўлу Казлоўскаму спаўняецца 70 гадоў. Генерал-палкоўнік згадвае найбольш цяжкія рашэнні, фармаванне беларускіх узброеных сілаў, дзеліцца меркаваннем пра ўдзел былых афіцэраў у грамадскай дзейнасці.

Старшыня Беларускага саюзу афіцэраў генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык неяк прызнаўся, што чальцамі гэтай афіцыйнай арганізацыі ёсць толькі 7 % афіцэраў запасу і ў адстаўцы. Такі стан ён тлумачыць пасіўнасцю былых вайскоўцаў ды іх жаданнем што-небудзь атрымаць ад чалецтва ў БСА. Што думае пра гэта Павел Казлоўскі?

“У прынцыпе, ён мае рацыю, – пагаджаецца экс-міністр. – Калі я ішоў на прэзідэнцкія выбары ў 2001 г., дзеля падтрымання спрабаваў прыцягнуць былых вайскоўцаў, Саюз афганцаў. І вельмі цяжка ішлі дапамагаць Казлоўскаму як магчымаму кандыдату. Я быў здзіўлены пасіўнасцю былых вайскоўцаў. І калі пачыналася гутарка на тэму “Ну а колькі мы з гэтага будзем мець?”, я заўсёды сыходзіў ад такой арганізацыі, – напрыклад, адмовіўся ад паслугаў афганцаў.

Захаранка [Юрый Захаранка – міністр унутраных справаў у 1994–1995 гг. Знік 7 траўня 1999 г.] хацеў арганізаваць не залежны ад уладаў Саюз афіцэраў. Калі б яго не знішчылі, то ў канцы 1990-х гг. гэта яшчэ магло атрымацца. Але з кожным годам пасіўнасць былых вайскоўцаў выяўлялася ўсё больш і больш.

Цяперашні саюз афіцэраў, які ачольвае Мікульчык, чымсьці дапамагчы афіцэрам не можа, іхных інтарэсаў ён не адстойвае. Ветэранская арганізацыя, якою кіруе генерал-лейтэнант Новікаў, таксама не абараняе інтарэсаў афіцэраў. Яны толькі падтакваюць уладзе, дружна агітуюць за яе на выбарах. Таму і аўтарытэту ніякага ў іх няма”.

На пытанне, як ён ставіцца да ініцыятывы Валерыя Фралова [генерал-маёр Фралоў – былы камандзір 28-га армейскага корпусу, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў] стварыць грамадскае аб’яднанне “Афіцэрскі сход”, Казлоўскі адказвае:

“Мы размаўлялі з Фраловым. Не ўпэўнены, што гэта ў яго атрымаецца. Здавалася б, афіцэры – найбольш актыўная частка грамадства. Але, на жаль, нашае грамадства сёння такое зацюканае, запалоханае. І калі я сустракаюся з афіцэрамі – і тымі, хто служыць, і тымі, хто служыў, – шмат хто гаворыць: “Ды пайшло яно ўсё к чорту, усё адно нічога не зробіш”. На кухні ўлады крытыкуюць, на кухні ўлады ненавідзяць. А вось у чымсьці паўдзельнічаць, у нейкай арганізацыі яны не жадаюць”.

belsat.eu

Стужка навінаў