Улетку студэнты і школьнікі будуць аплачваць паездкі ў метро


Ільготны праезд для школьнікаў і студэнтаў у Менскім метрапалітэне на летні перыяд скасуюць. Пра гэта паведаміў старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька. Такое рашэнне ён патлумачыў тым, што ўлетку значная частка моладзі выязджае за межы гораду. А тыя, хто застаюцца, звычайна знаходзяць падпрацоўку.

«Улетку беларускія студэнты вельмі актыўныя, шмат хто з іх працуе або бярэ ўдзел у студэнцкіх атрадах, за што будзе атрымоўваць заробак. Лагічна, калі ўлетку студэнт будзе самастойна аплачваць свае перамяшчэнні па горадзе. Школьнікі ж часцей за ўсё знаходзяцца дома або на аздараўленні за горадам».

У дзяржаўным прадпрыемстве «Менсктранс» гавораць, што адпаведнага рашэння Менгарвыканкаму яшчэ не атрымоўвалі. Ці закране адмена льготаў наземны транспарт, пакуль не вядома.

Сталічныя студэнты па-рознаму ставяцца да рашэння ўладаў. «На лета я з’язджаю да бацькоў у раённы горад, дзе для студэнтаў праезд у аўтобусах заўсёды быў платны. У чэрвені ж падчас сесіі я далёка не кожны дзень выязджаю з інтэрнату, таму значных выдаткаў на аплату праезду спадзяюся пазбегчы», – адзначыла студэнтка БДУ Кацярына Барысава. «Улетку я планую застацца ў сталіцы, каб прайсці практыку, а ў жніўні крыху падпрацаваць. Але набываць праезны мне не па кішэні, хутчэй за ўсё прыйдзецца зноўку ездзіць «зайцам», – гаворыць студэнт БДУІР Арцём Дарафееў.

belsat.eu

Стужка навінаў