Празрыстыя скрыні – у раёнах з найбольшым падтрыманнем Лукашэнкі


Празрыстымі скрынямі абсталююць усе выбарчыя ўчасткі Столінскага раёну і 50% участкаў Асіповіцкага, паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Паводле яго, новаўвядзенні таксама закрануць горад Масты і асобныя ўчасткі Віцебску. “Гэта тэндэнцыя відавочная – участкі абсталёўваюць празрыстымі скрынямі”, – заявіў сакратар Цэнтрвыбаркаму.

Прадпрымальнік Віктар Гарбачоў, актывіст перадвыбарнага штабу кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева, звяртае ўвагу на тое, што абсталяванне ўчасткаў празрыстымі ўрнамі ідзе кропкава. “Улады наўмысна выбіраюць раёны, дзе традыцыйна высокі адсотак прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта. Але гэта ўсё адно дае афіцыйнаму Менску магчымасць заявіць Еўропе, што выбары ў нас празрыстыя і дэмакратычныя”, – гаворыць прадпрымальнік.

Як сцвярджае Віктар Гарбачоў, у буйных гарадах старшыні выбарчых участкаў браць празрыстыя ўрны ў прадпрымальнікаў ды прадстаўнікоў штабу Някляева адмаўляюцца. На ўчастках спасылаюцца на тое, што спачатку паглядзяць, як пройдуць выбары там, дзе празрыстыя ўрны ўжо ёсць, а потым будуць прымаць рашэнні. “Мы звярталіся на ўчасткі ў Менску, Жодзіна, Магілёве, Віцебску, але ў нас не ўзялі ніводнай скрыні”, – распавёў Віктар Гарбачоў.

Тым не менш, падкрэслівае прадпрымальнік, яны ўсё адно будуць намагацца, каб празрыстымі скрынямі абсталявалі як мага больш выбарчых участкаў краіны, а не толькі раёны, абраныя ўладамі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары