«За Пуціна і ўсё!»


https://youtu.be/Ac5rr-PArc0
Увечары 18 лютага маскоўскія аўтааматары правялі акцыю ў падтрыманне кандыдата на прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна.

Аўтааматары заяўляюць, што ўзяць удзел у акцыі іх натхніў непакой пра стабільнасць у краіне, а ўсім незадаволеным дзейным рэжымам прыводзяць прыклад Лівіі. На іхнае меркаванне, у выпадку змены ўлады Расею таксама чакае грамадзянская вайна.

«Мы хочам паказаць, што нас шмат, што мы не баімся публічна выказваць нашае падтрыманне Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну, што мы гатовыя казаць пра гэта на камеру, гатовыя казаць пра гэта на вуліцах. Мы гатовыя прыдумляць разнастайныя фарматы. І я ўпэўнены, што гэта не апошняя акцыя, якую мы праводзім і ў якой возьме ўдзел вялікая колькасць людзей», – кажа Уладзімір Табак, арганізатар акцыі.

Лагатыпам акцыі сталіся стылізаваныя ініцыялы кандыдата на прэзідэнта, напісаныя лацінкаю. Акрамя гэтага аўтааматары наляплялі на свае машыны выявы Пуціна ў стылі амерыканскага мультфільму «South Park» і вялізарную колькасць расейскіх сцягоў. Перад тым як адправіцца ў аб’езд сталіцы, удзельнікі акцыі зладзілі імпрэзу на месцы збору кіроўцаў. Расейскія сцягі луналі пад гукі незабыўнага гіта «Такого, как Путин», удзельнікі акцыі таньчылі і падпявалі, актыўна выказваючы сваю грамадзянскую пазіцыю. Яны не сумняюцца ў тым, што прэзідэнцкія выбары будуць адкрытымі і пройдуць без фальсіфікацыяў. У такім выпадку яны чакаюць перамогі Пуціна ўжо ў першым туры.

Цалкам імаверна, што іхныя чаканні спраўдзяцца: паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, Уладзіміра Пуціна падтрымліваюць амаль 55 % выбарнікаў. Найбліжэйшы супернік – адвечны апанент Генадзь Зюганаў – мае 9,2 % падтрымання. 8,2 % апытаных збіраюцца аддаць голас за Уладзіміра Жырыноўскага, 5,8 % – за мільярдэра Міхаіла Прохарава і 5 % за Сяргея Міронава, лідара «Справедливой Росссии». Больш за 16 % яшчэ не вызначыліся з выбарам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары