Новыя прапановы на «Еўрабачанне»: «Ляпіс», «N.R.M.» і Афанасьева


Карэспандэнты запыталі ў жыхароў сталіцы, хто варты таго, каб прэзентаваць Беларусь на фестывалі.

Адною з цэнтральных падзеяў тыдня стаўся фінал праекту «Еўрафэст» – нацыянальнага адборачнага туру на конкурс «Еўрабачанне-2012». Пераможцай назвалі Алену Ланскую, якая нібыта перамагла ў глядацкім галасаванні, забяспечаным дзякуючы адміністратыўнаму рэсурсу.

Журы прагаласавала за гурт «Litesound», які таксама меў моцнае падтрыманне залы. У выніку ён заняў другое месца. Яго прадстаўнік, як і Гюнеш Абасава, якая атрымала трэцяе месца, на знак пратэсту не выйшлі на сцэну для ўзнагароджвання. На перамогу ў «Еўрафэсце» прэтэндавалі таксама Вікторыя Алешка і Uzari.

Большасць апытаных выказалася за тое, што выступ на «Еўрабачанні» заслужыў «Litesound». «Я не глядзела «Еўрафэст», але быў такі ажыятаж, што я перагледзела некаторыя фрагменты. Вядома, «Litesound». Без варыянтаў», – запэўніла адна з рэспандэнтак.

Другое месца заняў Дзмітрый Калдун (адзін або ў дуэце з братам). За яго выказаліся чатыры чалавекі. Па тры галасы набралі гурт «Ляпіс Трубяцкой» і Гюнэш. «Пратэстую супраць абранай кандыдатуры», – дадала адна з прыхільніц апошняй. Два чалавекі параілі Іну Афанасьеву.

Пераможца Алена Ланская атрымала адзін голас. На «Еўрабачанне» таксама прапаноўвалі паслаць «Песняроў», «N.R.M.», Ірыну Дарафееву і Руслана Аляхно. Тры чалавекі не змаглі згадаць ніводнага беларускага выканаўцы.

belsat.eu

Стужка навінаў