Грышчэня: На нас напалі людзі з чорнага „Крайслера”


Актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” распавялі “Белсату”, як іх збівалі ды абшуквалі кватэру. Дзеянні міліцыянтаў актывісты збіраюцца абскардзіць у судзе.

Прыкладна а 20-й гадзіне 15 лютага на Яраслава Грышчэню, Дзмітрыя Калача і Ганну Салаўёву напалі міліцыянты ў цывільным, якія выйшлі з чорнага “Крайслера”. Грышчэня заўважыў аўтамабіль здалёк і пажартаваў: “Глядзіце, па нас прыехалі!” Хлопцаў без тлумачэнняў павалілі на зямлю і пачалі збіваць. Дзяўчыну паставілі да сценкі.

Пасля з кішэні Яраслава Грышчэні дасталі ключ ад кватэры, якую выкарыстоўвае рух “Еўрапейская Беларусь”, і ўварваліся ў яе. Там былі яшчэ шасцёра актывістаў арганізацыі, якіх адразу паставілі да сценкі, б’ючы па нагах.

Пад выглядам пошуку наркотыкаў міліцыянты распачалі ператрус. Ніякіх дакументаў яны не падалі: “Ні пратаколу агляду пакою, ні дазволу на ператрус не было”, – узгадвае Яраслаў Грышчэня. У выніку забралі ўлёткі і расцяжкі за экс-кандыдата на прэзідэнта, кіраўніка “Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Саннікава ды іншых палітвязняў. Панятых праваахоўнікі паклікалі пасля таго, як ператрус скончыўся. Замест двух чалавек прывялі аднаго – бабулю-суседку.

Пазней шасцёх актывістаў завезлі ў Савецкі РУУС Менску, трох — у Ленінскі. Там іх апыталі і адпусцілі без складання пратаколу.

belsat.eu
https://youtu.be/-QjwTzKkzKg

Глядзі таксама
Каментары