Апытанне: лідары апазіцыі


https://youtu.be/-qoElXWqZVk
Удзельнікі «Кааліцыі шасці» ды іншыя дэмакратычныя сілы не могуць прыняць рашэнне наконт фармату ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Ці то ўдзельнічаць, ці то байкатаваць, ці то ўдзельнічаць і зняцца перад самім галасаваннем – не вырашана дагэтуль. Пакуль прапаноўваюцца чарговыя стратэгіі ды раздаюцца выспяткі, «Белсат» запытаў у менчукоў, ці ведаюць яны імёны лідараў апазіцыі ды што думаюць пра апанентаў улады.

«Я палітыкаю не цікаўлюся і ў апазіцыю не веру. Бо ў свой час наш буйны апазіцыянер усё кінуў ды пайшоў. Хто гэта быў? Правільна – Пазняк. Шушкевіч тое самае – кінуў і сышоў. Таму ў апазіцыю я не веру», – падсумаваў мужчына.

«Ой, ведаеце, нават не магу сказаць нічога…», – разгубіўся чарговы апытаны.

«Лябедзька – нейкі апазіцыянер. Ведаю [іншых лідараў апазіцыі]: Саннікаў, Статкевіч, Міхалевіч. Усёй сітуацыі я не ведаю, але хіба што яны не даюць рады з тым, што трэба рабіць. Я думаю, што, каб нешта змяніць, трэба пасадзіць КДБ-шнікаў, прынамсі тых, хто больш за 5 гадоў працуе», – заявіў мужчына.

«Не, не ведаю. Не цікавімся гэтым», – адказала жанчына за сябе і свайго сына.

«Я неяк гэтым асабліва не цікаўлюся. Ціха, спакойна жывем – чым яшчэ цікавіцца? Што такое апазіцыя? Гэта ж вайна!» – упэўнена глядзіць у будучыню мужчына.

«Я не ведаю. Гэта хтосьці з ураду напэўна?» – запытала дзяўчына, пачуўшы імёны лідараў «Кааліцыі шасці».

«Цяпер я не ведаю, вядома, але раней – старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі», – пазнала імя Анатоля Лябедзькі дзяўчына і дадала: «Я думаю, што трэба рэарганізацыю апазіцыі правесці, а не толькі лідараў. Бо нашая апазіцыя нічога не робіць, і нельга сказаць, што бярэ ўдзел у палітычным жыцці краіны».

«Я не ў курсе, я палітыкаю не цікаўлюся. Мне ўсё роўна», – махнуў рукой пажылы мужчына.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары