Беларускаму дзіцячаму хоспісу патрэбны новы будынак


Пра гэта паведаміла дырэктарка Беларускага дзіцячага хоспісу Ганна Гарчакова.

Паводле яе, цяпер хоспіс месціцца на другім паверсе, да якога вядзе крутая вінтавая лесвіца і няма магчымасці абсталяваць будынак ліфтам. Такім чынам, хворыя дзеці не могуць бываць на вуліцы. «Нягледзячы на тое, што нашая арганізацыя нацэленая на аказанне паліятыўнай дапамогі дома, часам неабходны стацыянар. Напрыклад, дзіця жыве ў аддаленай вёсцы, куды зімою хуткай дапамозе даехаць цяжка, а ў дзіцяці моцныя болі», – патлумачыла Ганна Гарчакова.

Новы корпус будзе разлічаны на восем ложкаў (цяпер іх пяць). Для будаўніцтва ўжо выдзелены ўчастак каля 1 га, размешчаны непадалёк пасёлку Бараўляны. Цяпер, паводле Гарчаковай, на прыкладзе найлепшых еўрапейскіх узораў распрацоўваецца архітэктурны праект хоспісу.

Яго плануецца пабудаваць за кошт грамадскіх і дабрачынных сродкаў, а затым перадаць дзяржаве. «Гэты сучасны хоспіс будзе дзяржаўным хоспісам з удзелам грамадскіх арганізацыяў», – падкрэсліла дырэктарка арганізацыі.

Меркаваны кошт будаўніцтва складзе да 5 млн долараў. У сакавіку стартуе дабрачынны праект – будзе арганізаваны продаж цаглінаў для хоспісу. «У нас 4 мільёны працоўных людзей. Калі кожны з іх купіць па адной цагліне за долар – мы пабудуем дзіцячы хоспіс», – заявіла Гарчакова.

«Мы шукаем ідэі, мы чакаем людзей з ідэямі. Мы знайшлі спонсараў і вязем архітэктара ў Англію за свае грошы, каб ён паглядзеў, што такое хоспіс. Бо гэта перш за ўсё дом для дзяцей. Дом, пабудаваны з выкананнем усіх санітарных нормаў. Каб гэта быў прыклад. Вельмі важна, каб першы прыклад быў добры», – падкрэсліла дырэктарка Беларускага дзіцячага хоспісу.

belsat.eu

Стужка навінаў