Ці Беларусь – сапраўды сацыяльная дзяржава?


На гэтае пытанне спрабавалі даць адказ госці ток-шоу “Перад выбарам”.

Паводле афіцыйнае ідэалогіі, Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава. Тым часам фактычна “за бортам” аказваюцца беларусы, што дасягнулі пенсійнага веку. Сярэдняя пенсія у Беларусі складае каля $ 170, чаго не заўсёды хапае нават на тавары першай неабходнасці ды аплату камунальных паслугаў. Тым часам у заходнееўрапейскіх краінах пенсійны ўзрост – час для падарожжаў ці нават распачынання новай кар’еры.

“Людзі недзе ў 45 гадоў пачынаюць рыхтавацца да пенсіі, а насамрэч ёсць яшчэ сілы, ёсць магчымасць працягваць працоўную дзейнасць, рэалізоўваць цікавыя праекты. Але дзяржава не стварыла магчымых перадумоваў для гэтага”, – зазначае Алег Сівагракаў, эксперт у галіне рэгіянальнага развіцця.

Эканаміст Леанід Злотнікаў зазначае, што пры фактычна невысокім памеры пенсіяў для беларускай эканомікі выкананне гэтага сацыяльнага забавязальнцітва – сур’ёзная праблема. “Эканамічны патэнцыял Беларусі вельмі нізкі, пры гэтым вялікая сацыяльная нагрузка на эканоміку, якой яна не вытрымлівае. Сёння і заробкі, і пенсіі перавышаюць магчымасці эканомікі, якая не рэфармуецца і не развіваецца, – кажа Леанід Злотнікаў. – Гэтак сёння ўзровень спажывання прыкладна на 11–13% перавышае ВУП, які ствараецца ў краіне”.

Эксперты таксама закранулі праблемы медычнай апекі. “Наша бясплатная медыцына – гэта толькі шыльда, бо ў рэальнасці ёсць платныя паслугі насельніцтву, даведзеныя да паліклінік, – кажа галіна Скараход. – І таму калі на дошцы вісіць пералік платных працэдураў, гэта ўжо сведчыць пра тое, што медыцына не да канца бясплатная, і першы парушальнік Канстытуцыі ў гэтым выпадку – гэта сама дзяржава”.

Праглядзець праграму цалкам можна тут.

belsat.eu

Стужка навінаў