Якая грамада, такая і рада?


У Магілёве на просьбы абураных вернікаў адмянілі паказ рок-оперы “Ісус Хрыстос – суперзорка”.

Вядомы ва ўсім свеце мюзікл Магілёўская праваслаўная епархія назвала “блюзнерствам”. Ці сапраўды гэта так, і ці можна дэманстраваць спектакль, не закрануўшы рэлігійных пачуццяў праваслаўных хрысціянаў, будзе вырашаць адмысловая камісія Міністэрства культуры.

“Для Беларусі – гэта не навіна. Дастаткова згадаць пікеты супраць дэманстрацыі фільму “Код да Вінчы” ды закрыццё начной праграмы НТВ, каб беларускія гледачы не змаглі пабачыць фільму Марціна Скарсэзэ “Апошняе выпрабаванне Хрыста”, – пракаментаваў “Белсату” ініцыятыву магілёўскіх уладаў культуролаг Максім Жбанкоў.

Паводле эксперта, у нашай краіне дачыненні паміж дзяржаваю і царквою пабудаваныя на класічны савецкі ўзор. Царква ператварылася ў бюракратычную структуру, набліжаную да ўладаў, і выяўляе іх інтарэсы. “Вы паглядзіце – царква адлюстроўвае пазіцыю ўладаў. Таксама не прымае ніякага альтэрнатыўнага гледзішча, нават праяваў іншадумства. Вось гавораць – якая рада, такая і грамада, у нас наадварот – грамада задае тон, якою быць радзе”, – падсумоўвае Максім Жбанкоў.

Дарэчы, сёння стала вядома, што ў Гомлі з “маральных меркаванняў” адмянілі фотавыставу “Амерыка”. У чым “амаральнасць” здымкаў Ніягарскага вадаспаду і Вялікага Каньёну, куратарка выставы аўтару здымкаў Вячаславу Бортніку патлумачыць так і не змагла.

belsat.eu

Стужка навінаў