КДБ мае сваю версію гісторыі


Гісторыка Ігара Кузняцова выклікалі ў КДБ, каб давесці, што беларускага Катынскага спісу не існуе. Маецца на ўвазе дакумент, які змяшчае імёны не менш як 3870 палякаў, забітых НКУС на тэрыторыі Беларусі ў 1940 г.

“Працаўнікі органаў імкнуліся запэўніць мяне, што спісу не існуе, пры гэтым не прыводзячы аніякіх аргументаў, – адзначыў гісторык. – Сёння можа весціся дыскусія толькі пра тое, дзе гэты спіс – у Маскве ці Менску. Магчыма, ён знішчаны, але ў любым выпадку неабходна прызнаць факт яго існавання. З афіцыйных крыніцаў вядома, што ва Украіне і Заходняй Беларусі ў 1940 г. былі расстраляныя 7305 чалавек, і калі ад гэтай лічбы адняць колькасць забітых ва Украіне, то мы атрымаем лік расстраляных на тэрыторыі Беларусі. Украінскія спецслужбы перадалі Польшчы імёны загінулых яшчэ ў 1994 г.”.

Гісторык звяртае ўвагу на тое, што справаводства ва ўсіх савецкіх рэспубліках вялося аднолькава, і калі ўкраінцам перадалі спіс забітых палякаў, то аналагічны дакумент існаваў і для Беларусі. У 2010 г. гісторык у супрацы з “Белсатам” стварыў фільм са спасылкаю на шматлікія афіцыйныя крыніцы і нават ФСБ, з якога шмат можна даведацца пра зніклы дакумент. Усім нязгодным Ігар Кузняцоў раіць перагледзець кінастужку.

Паводле гісторыка, Беларусь застаецца адзінаю чорнаю плямаю сярод былых краінаў СССР – бо толькі тут не прызнаюць фактаў рэпрэсіяў, у той час як у іншых краінах балючая тэма вывучаецца, ёй прысвячаюцца кнігі ды помнікі.

“Калі Беларусь гучна заяўляе пра стварэнне Саюзнай дзяржавы, то афіцыйным уладам было б нашмат зручней прызнаць існаванне беларускага Катынскага спісу паводле прыкладу Расеі ды Украіны. Адмаўляць факт расстрэлу палякаў на тэрыторыі Беларусі не мае сэнсу, у такім выпадку можна перакрэсліць усю савецкую гісторыю”, – адзначыў Ігар Кузняцоў.

Пра тое, што НКУС не расстрэльваў палякаў на беларускіх землях, раней казаў Аляксандр Лукашэнка. Ягоную заяву крытыкаваў не толькі гісторык Ігар Кузняцоў, але і польская газета “Rzeczpospolita”.

Дакументальны фільм “Катынь. Праз 70 гадоў” можна прагледзець на нашай старонцы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары