«Вы ўсе – ворагі», – заявілі Алегу Волчаку пасля затрымання


Праваабаронцу прыгаварылі да адміністратыўнага арышту на чатыры дні. Такое рашэнне 30 студзеня прыняў суддзя суда Цэнтральнага раёну Менску Аляксандр Якунчыхін.

Волчака асудзілі на падставе арт. 17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях («Дробнае хуліганства»). Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі, якія сцвярджалі, што ён лаяўся матам і размахваў рукамі. Праваабаронца віны не прызнаў.

Перад пачаткам разгляду справы праваабаронца расказаў журналістам, што пасля затрымання 27 студзеня яго змясцілі ў камеру з бяздомнікамі, затрыманымі за дробныя крадзяжы. «У камеры было +12°С, і хоць я казаў, што ў мяне праблемы са здароўем, ніхто не звярнуў увагі. «Вы ўсе – ворагі», – вось так сказалі. Потым перавялі да больш культурных сядзельцаў», – дадаў ён. Выходныя Волчак правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна. Ён паведаміў, што ў камеры было даволі холадна, а накрыцца не было чым. Пры гэтым у былога «афганца» – праблемы з хрыбетнікам.

Былы следчы пракуратуры, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў), быў затрыманы ў Менску 27 студзеня. На вуліцы да Волчака падышоў міліцыянер, папрасіў для праверкі дакументы і затрымаў. Праваабаронца паспеў паведаміць па тэлефоне, што яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Пасля складання адміністратыўнага пратаколу затрыманага даставілі на Акрэсціна.

Паводле інфармацыі шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, Волчака затрымалі перад паездкаю за мяжу для ўдзелу ў міжнароднай праваабарончай імпрэзе. Паводле некаторых звестак, у яго нібыта планавалася сустрэча «з групай афіцэраў-патрыётаў».

belsat.eu
https://youtu.be/cExeIvv_H_k
https://youtu.be/fvLVgwqw8YM

Глядзі таксама
Каментары