Аддзяленні для пажылых людзей працуюць, як дзіцячыя садкі


У трох абласцях Беларусі працуюць аддзяленні дзённага побыту, якія схемаю працы нагадваюць дзіцячыя садкі. Такая паслуга карыстаецца попытам у людзей, якія баяцца пакідаць сваіх сталых сваякоў у кватэры адных.

«У аддзяленне сталыя людзі прыходзяць раніцаю самастойна, або іх прывозяць дзеці ды ўнукі. Цягам дня з імі працуе сацыяльны работнік – ён сочыць, каб яны своечасова елі і прымалі лекі, а кіраўнік групы праводзіць адукацыйныя і забаўляльныя заняткі», – кажа начальнік аддзелу развіцця і каардынацыі сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава.

Дзённыя аддзяленні працуюць у Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях. «Мы атрымліваем станоўчыя водгукі, таму такія цэнтры будзем працягваць ствараць і ў іншых гарадах, гэта прадугледжана Комплекснай праграмай развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011–2015 гады», – кажуць у міністэрстве.

Калі з аб’ектыўных прычынаў старыя не могуць жыць дома самастойна, ім прапаноўваюць часова перайсці ў аддзяленне сталага побыту. Адзін з такіх цэнтраў працуе ў Чэрвеньскім раёне, адначасова ён можа прыняць 30 чалавек.

«Гэта інавацыйная форма сацыяльнага абслугоўвання. Перавага нашага цэнтру заключаецца ў тым, што пенсіянеры жывуць непадалёк свайго дому, гэта пазітыўна адбіваецца на іхным здароўі і псіхалагічным стане, – кажа кіраўніца цэнтру Ала Жыгімонт. – Апроч таго, бюджэтныя выдаткі на такое ўтрыманне ўдвая ніжэйшыя, чымся ў дамах-інтэрнатах».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары