Тэрапеўту можна будзе тэлефанаваць на мабільнік


Новую паслугу збіраюцца ўвесці ў Магілёўскай цэнтральнай паліклініцы, яна будзе платная.

«На сённяшні момант згодна з нарматыўнаю базай існуе такая паслуга, як выбар лекара-спецыяліста. Платны тэрапеўтычны кабінет адчыніцца пасля вызвалення бальнічных плошчаў і рэарганізацыі», – расказала намесніца галоўнага лекара паліклінікі Алена Васкрасенская.

Згодна з планамі паліклінікі, атрымаць кансультацыю тэрапеўта можна будзе ў любы час дня. Пакуль такую паслугу будзе аказваць адзін спецыяліст. Прыкладны кошт адной платнай кансультацыі – 12 тыс. руб. Да таго ж, кожны пацыент атрымае нумар мабільнага тэлефона лекара.

Такая паслуга дзее ў Менску. У паліклініцы № 17 на ёй спецыялізуецца цэлае аддзяленне. Жыхары сталіцы маюць мажлівасць аплаціць паслугу на год, магчыма, такую форму разліку пачнуць ужываць і ў Магілёве.

У Магілёўскай цэнтральнай паліклініцы абслугоўваюцца каля 29 тыс. жыхароў, на кожнага тэрапеўта прыпадае амаль 1,7 тыс. чалавек.

«Магчыма, асабісты платны тэрапеўт будзе неблагім варыянтам, абавязкова паспрабую да яго сходзіць. Калі прафесійны досвед і стаўленне да мяне будзе нармальнае, то буду карыстацца. Радуе, што можна будзе яму патэлефанаваць і спытаць пра лекі. Бо цяпер, калі кепска пачуваюся, пачынаю абтэлефаноўваць знаёмых медыкаў, каб яны параілі лячэнне. Калі ж звяртацца па параду ў хуткую дапамогу, то там расказваюць толькі агульнавядомыя рэчы», – адзначыла магілёўка Алена Савіцкая.

belsat.eu

Стужка навінаў