Міклашэвіч: Летась у КС не трапляла прапановаў аб адмене кары смерці


Аднак, паводле старшыні Канстытуцыйнага суда, пазіцыя адносна ўжывання смяротнай кары можа быць змененая. Гэта адбудзецца, калі ўпаўнаважаныя суб’екты звернуцца ў КС па тлумачэнні наконт раней прынятага рашэння або для вынясення новага рашэння “ў гэтай праблеме ў сучасных умовах”.

Пётр Міклашэвіч паведаміў, што ў 2011 годзе зваротаў грамадзянаў у КС аб адмене смяротнай кары, аб даванні ацэнкі гэтай з’яве не паступала.

Як адзначыў кіраўнік КС, сваю пазіцыю суд выказаў у заключэнні Канстытуцыйнага суда ад 11 сакавіка 2004 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь палажэнняў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць ужыванне ў якасці пакарання смяротнай кары”. У ім акрэслілі дзве заканадаўчыя пазіцыі.

Першая, як паведаміў Міклашэвіч, тычылася неабходнасці ўнясення ў КК паправак, якія замацоўваюць часовы характар ужывання смяротнай кары, на што ўказвае арт. 24 Канстытуцыі. Гэта заканадаўцы зрабілі.

Другая пазіцыя, паводле кіраўніка КС, наступная: “На падставе аналізу міжнародных актаў, канстытуцыйных палажэнняў Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што прэзідэнт або парламент могуць ва ўсталяваным парадку прыняць рашэнне аб увядзенні мараторыя або адмене смяротнай кары”.

Пры гэтым Міклашэвіч звярнуў увагу на тое, што згодна з арт. 140 Канстытуцыі ўнясенне змяненняў у шэраг артыкулаў Асноўнага закону, у тым ліку арт. 24, які тычыцца смяротнай кары, магчымае толькі праз рэферэндум.

belsat.eu

Стужка навінаў