Паўмільёна беларусаў стала глядзяць “Белсат”



Амаль паўмільёна поўнагадовых беларусаў глядзяць праграмы тэлеканалу “Белсат” стала. Яшчэ больш як паўмільёна глядзяць “Белсат” некалькі разоў на месяц ці глядзелі некалькі разоў. Аж 44 % ведаюць пра існаванне тэлеканалу “Белсат”. Праграмам дзяржаўнага тэлебачання ў рознай ступені давяраюць 47 %, а 43 % не давяраюць ці хутчэй не давяраюць. Такія вынікі прынеслі апытанні, ладжаныя Цэнтрам сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў ТАА “Зеркало-Iнфо” 9–20 снежня 2011 г.

Папулярнасць “Белсату”

На пытанне, “Ці Вы гледзіце праграмы тэлеканалу “Белсат”, 15 % поўнагадовых беларусаў адказалі “так, гляджу”. 45 % з іх глядзяць “Белсат” практычна штодзённа альбо некалькі разоў на тыдзень. Гэта сталыя гледачы. У пераліку колькасць сталых гледачоў “Белсату” складае амаль паўмільёна асобаў. Больш як 500 тыс. чалавек (55 %) глядзяць “Белсат” некалькі разоў на месяц альбо глядзелі некалькі разоў. Агулам аўдыторыя “Белсату” налічвае больш за мільён асобаў.

Чарговыя 12 % – гэта патэнцыйныя гледачы “Белсату”: 3 % плануюць пачаць глядзець праграмы тэлеканалу, а 9 % шукаюць магчымасці далучыцца да кола гледачоў.

Сярод аўдыторыі “Белсату” больш мужчынаў (61 %), людзей ва ўзросце 25–49 гадоў з сярэдняю ці вышэйшай адукацыяй (разам 95 %). Сярод прафесійных групаў найбольш прадпрымальнікаў, дзяржаўных чыноўнікаў ды інжынерна-тэхнічных работнікаў.

44 % ведаюць марку “Белсат”

Тэлегледачы ў Беларусі карыстаюцца паслугамі эфірнага, кабельнага, спадарожнікавага і інтэрнэтавага тэлебачання ды маюць доступ да вялікай колькасці тэлеканалаў. Таму апраўданым было пытанне “Ці Вы ведаеце пра існаванне тэлеканалу “Белсат?” Больш за палову – 56 % рэспандэнтаў – адказалі, што не ведаюць пра такі канал. Адначасова 44 % беларускіх тэлегледачоў паінфармаваныя пра дзейнасць незалежнага беларускага спадарожнікавага тэлебачання.

Давер да дзяржаўнага тэлебачання

Пытанне, “У якой ступені Вы давяраеце праграмам дзяржаўнага тэлебачання?”, падзяліла беларусаў. 47 % рэспандэнтаў ці адносная большасць давярае ім ці хутчэй давярае. 43 % асобаў не давяраюць ці хутчэй не давяраюць дзяржаўнаму беларускаму тэлебачанню. 10 % абралі варыянт “цяжка адказаць”.

Сярод асобаў, якія давяраюць дзяржаўнаму тэлебачанню, дамінуюць жанчыны і людзі ва ўзросце 50 гадоў і болей. Сярод тых, хто не давярае дзяржаўнаму тэлебачанню, пераважаюць мужчыны і асобы ва ўзросце да 50 гадоў.

Даступнасць тэлебачання ды інтэрнэту

Даследаванні паказалі, што амаль усе дарослыя жыхары Беларусі (96 %) – тэлегледачы, а больш за палову (58 %) карыстаюцца інтэрнэтам. Агульная колькасць карыстальнікаў інтэрнэту вырасла (з узроўню 55 % у снежні 2010 г.) коштам змяншэння колькасці тых, хто не мог вызначыць сваёй датычнасці да інтэрнэту, але тэмп росту нізкі.

Практычна штодзённа інтэрнэтам карыстаюцца 29 % беларусаў. У снежні 2010 г. сталых карыстальнікаў інтэрнэту было 24 %.

Адначасова 38 % беларусаў не маюць доступу да інтэрнэту. Гэтая лічба заставалася стабільная ад снежня 2010 г.

*Сацыялагічнае даследаванне правялі 9–20 снежня 2011 г. Метад даследавання – інтэрв’ю-анкетаванне сярод жыхароў Беларусі ва ўзросце 18 гадоў і болей. У прапарцыйнай квотавай пробе ўдзельнічалі 1502 рэспандэнты. Кантраляваныя параметры: месца жыхарства, велічыня паселішча, пол, узрост, адукацыя. Статыстычная памылка не перавышае 1,2 %.

Стужка навінаў