Індыя хоча набыць «Беларуськалій»


Справа застаецца за ўрадам Беларусі. Пра гэта паведаміў амбасадар Індыі Манодж Кумар Бгарці (Manoj Kumar Bharti) 24 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

“Перамовы паміж бакамі працягваюцца, рашэнне пакуль не прынятае”, – рэзюмаваў ён. Паводле Бгарці, падчас паездак па Беларусі ён наведваў мноства прадпрыемстваў, што маюць патрэбу ў мадэрнізацыі, у якой ім маглі б дапамагчы прыватныя індыйскія інвестары.

Паводле Бгарці, эканоміка Індыі дынамічна развіваецца, краіна – на пярэдняй лініі найноўшых тэхналогіяў. Беларусь, у сваю чаргу, зрабілася для іх больш прывабная: “Індыйскія кампаніі, якія да гэтага часу лічылі Беларусь малым рынкам, цяпер могуць атрымаць велізарную выгаду ад Мытнага саюзу, які ўяўляе сабою рынак аб’ёмам амаль 170 млн чалавек”.

Аднак пакуль што цікаўнасць з абодвух бакоў невялікая. Прычынаю дыпламат назваў адсутнасць інфармацыі. Як распавёў амбасадар, існуе некалькі ўнікальных галінаў, у якіх індыйскія кампаніі пачалі працаваць з Беларуссю. Нядаўна дзякуючы супрацы Беларусі з адной з індыйскіх кампаніяў у Менску адкрылі навучальны цэнтр на базе Парку высокіх тэхналогіяў. Яшчэ адзін супольны праект рэалізавалі ў галіне энергетыкі: індыйская кампанія дала абсталяванне для будаўніцтва Гарадзенскай ЦЭЦ-2. Для гэтага праекту індыйскі ўрад вылучыў крэдытную лінію 56 млн даляраў.

Манодж Кумар Бгарці назваў фармацэўтыку, перапрацоўванне сельгаспрадукцыі ды малочную прамысловасць тымі галінамі, дзе інвеставанне і супраца з індыйскімі кампаніямі можа прынесці найбольшую выгаду прамысловасці Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў