У лютым адкрываюцца два гатэлі ў Нясвіжскім палацы


VIP-гасцям прапануюць асобныя апартаменты.

Колькасць турыстаў у Нясвіжскім палацы штогоду павялічваецца: у 2010 г. аб’ект наведалі 170 000 чалавек, у 2011-м – ужо 220 000. Сёлета працаўнікі музею-запаведніка чакаюць каля 350 000 турыстаў. Плануецца арганізацыя комплексных экскурсіяў па ўсіх ваколіцах Нясвіжу.

Для наведнікаў ужо працуе кавярня, на пачатку лютага адкрыецца рэстаран у інтэр’ерах ХVІІІ ст. і два гатэлі. Першы – для VІР-гасцей, дзе спраектавана ўсяго чатыры нумары класу “люкс”. Другі – гатэль эканом-класу на 49 месцаў. Калісьці ў гэтым будынку былі стайні, а за савецкім часам там месціўся цэнтр гразелячэння.

Паводле дырэктара музею-запаведніка “Нясвіж” Сяргея Клімава, нумары невялікія, таму кошт іх будзе даступны. “Нумары эканом-класу ўніверсальныя, стылізацыі мэблі пад даўніну не рабілі. А вось VІР-нумары ў былой камяніцы аформленыя інакш – з ляпнінаю, пазалотаю, элітнаю мэбляю”, – кажа суразмоўца.

Працаўнікі перакананыя, што пуставаць гатэль не будзе. Напрыклад, нумары ў гатэлі Мірскага замку (уладальнік – кампанія “Трайпл”, якая належыць Юрыю Чыжу) на навагоднія святы былі забраняваныя ажно за некалькі месяцаў, усе госці прыехалі з Расеі. Паколькі турыстычны маршрут звычайна пралягае і праз Нясвіж, частку турыстаў прыме новы комплекс.

Колькі будзе каштаваць гасцяванне ў новых апартаментах, пакуль не паведамляюць. Аднак з увагі на прыклад гатэлю “Мірскі замак” можна сказаць, што пражыванне будзе нятаннае. У звычайныя дні двухпакаёвы люкс каштуе тут 600 000, а нумар “камфорт” – 450 000 руб.

belsat.eu

Стужка навінаў