Наступствы працоўнай міграцыі: беларусы знікаюць у Расеі


З пачаткам крызісу ў Беларусі нашыя будаўнікі пачалі актыўна з’язджаць за мяжу ў пошуках лепшага заробку. Больш за ўсё людзей апынулася ў Расеі, бо туды не патрэбная віза, беларусы не маюць моўнага бар’еру, а плацяць расейцы ўдвая больш, чым будаўнік заробіць на радзіме.

Аднак нярэдка праца за мяжою аказваецца пасткаю. “Афіцыйнай дамовы з намі ніхто не падпісваў. У выніку мы атрымлівалі значна менш, чым абхазы – іх працаўладкоўвалі легальна, – апавядае гарадзенскі будаўнік Аляксандр Семяновіч, які нядаўна вярнуўся з працы у Сочы. – Але нават пры такіх умовах мы мелі прыкладна 700 долараў у месяц – у Беларусі такіх грошай аніхто не плаціць”. Паводле суразмоўцы, заробак часта затрымлівалі. “Змагацца за свае правы там бессэнсоўна – мы ж нелегалы, хто будзе нас слухаць?” Таму многія будаўнікі стыхійна звальняюцца.

За апошні год пачасціліся звароты на “гарачую лінію” арганізацыі “Ла Страда”, якая дае рэкамендацыі бяспечнага выезду за мяжу. “На гарачую лінію даволі часта звяртаюцца тыя, хто знайшоў працу самастойна, у тым ліку праз маскоўскія сайты для працы ў розных сферах дзейнасці. Прычым у кантактных звестках няма ні назвы фірмы, ні юрыдычнага адрасу. Ёсць толькі нумар тэлефона ў Расеі або Украіне ці нумар ISQ. Праверыць гэтага працадаўцу ў Беларусі мы не можам. Але мы раім ў такіх выпадках чалавеку патрабаваць, каб яму даслалі працоўны кантракт. Гэта вельмі важна – мець працоўны кантракт на руках да выезду. У гэтым выпадку вы ўжо ведаеце, з кім будзеце працаваць, дзе жыць, на якія сацыяльныя гарантыі разлічваць”, – кажа менеджар праграмы Ірына Пацановіч.

Паводле начальніка аддзелу вышуковай працы кіраўніцтва крымінальнага вышуку Галоўнага кіраўніцтва крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў Кацярыны Шэлегавай, штогод колькасць грамадзянаў, якія прапалі без вестак, павялічваецца на 100–200 чалавек. “Пераважна гэты рост ідзе за кошт працоўных мігрантаў, якія едуць у блізкае замежжа на заробкі. Едуць, як правіла, мужчыны ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Пераважна грамадзяне выпраўляюцца ў Расею – у Маскву і Маскоўскую вобласць. Выпраўляючыся на паўлегальныя заробкі, нашыя суайчыннікі жывуць там без рэгістрацыі. Літаральна днямі абвесцілі вышук жыхара Бабруйску Сяргея Савадзедава, які, паводле сваякоў, тры месяцы таму паехаў на будоўлю ў Смаленск, а цяпер ніхто не ведае, дзе ён і што з ім”, – кажа суразмоўца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары