Крамамі «Duty free» занялося Кіраўніцтва справамі прэзідэнта


Цяпер беларускія тавары ў крамах “Duty free” будуць прадаваць без нацэнкі. Гэтак улады спрабуюць падтрымаць айчыннага вытворцу.

Змены замацаваныя ўказам прэзідэнта № 38 “Аб функцыянаванні крамаў бязмытнага гандлю”. Апрача падаткаў, крамы бязмытнага гандлю будуць пералічваць дадаткова ў бюджэт краіны 10 % ад выручкі штомесяц.

Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Барысюк распавёў, што калі распрацоўвалі змены, улічылі досвед краінаў Еўразвязу. Прадаваць тавары без мыта можна толькі ў адмысловых крамах для дыпламатаў, у аэрапортах і ў самалётах “Белавія” (іх поўны пералік ёсць ва ўказе).

На сёння ў Беларусі дзеюць усяго чатыры крамы бязмытнага гандлю. І лібералізацыі ў гэтым кірунку чакаць не выпадае. З вуснаў Аляксандра Лукашэнкі неаднойчы прагучала, што сістэма “Duty free” была вельмі сур’ёзным гульцом на беларускім ценявым рынку, аддаючы туды імпартныя тавары без мыта. Дачыненне да гэтага ценявога рынку мелі ўплывовыя фігуры з найбліжэйшага атачэння прэзідэнта – працаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту і Дзяржаўнага мытнага камітэту. Таму сістэму бязмытнага гандлю пастанавілі скараціць да мінімуму.

Турыстычныя аператары, у сваю чаргу, кажуць, што адсутнасць сеткі “Duty free” негатыўна адбіваецца на іміджы краіны. “Замежнікі папросту не разумеюць, чаму крамы закрытыя. І напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Менску дзяржава траціць прыбытак”, – лічыць менеджар агенцтва “Актам” Юлія Стрыжак.

Кіраўніцтву справамі прэзідэнта належыць таксама сетка крамаў, у якіх прадаюць сканфіскаваны на мяжы тавар.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары