Казахстан: апазіцыя пратэстуе супраць фальсіфікацыяў


Апазіцыя ў Казахстане не пагаджаецца з афіцыйнымі вынікамі выбараў у парламент.

«Калі ў Жангаўэзене забівалі з аўтаматаў нашых мірных суграмадзянаў, то чальцы ўчастковых камісіяў, ураду, Цэнтральнай выбарчай камісіі ды Адміністрацыя прэзідэнта забілі дэмакратыю ў Казахстане, – заявіў падчас мітынгу пратэсту Аміржан Касанаў, сустаршыня Агульнанацыянальнай сацыял-дэмакратычнай партыі. – Але ўлада прыходзіць і зыходзіць, але народ застаецца і народ патрабуе сумленных выбараў!»

Паводле афіцыйных вынікаў галасавання, перамагла прапрэзідэнцкая кіроўная партыя “Нур Атан” (“Святло Бацькаўшчыны”), набраўшы каля 81 % галасоў. Дзве іншыя арганізацыі, што перайшлі выбарчы парог 7 %, неабходны дзеля атрымання месцаў у парламенце, збольшага сімпатызуюць ураду.

На думку апазіцыі, кіраўнік краіны лібералізаваў выбарчае заканадаўства, але праз масавыя фальсіфікацыі толькі зрабіў імітацыю дэмакратызацыі ў Казахстане. 71-гадовы Нурсултан Назарбаеў займае прэзідэнцкую пасаду з 1990 г., акрамя таго ён мае статус Лідара нацыі, які яму надалі дэпутаты парламенту. Паводле прынятага закону, Назарбаеў атрымлівае пажыццёвую недатыкальнасць і абаронены ад крымінальнага пераследу. Пры гэтым крымінальным злачынствам лічыцца псаванне выяваў Лідара нацыі, публічная знявага і скажэнне фактаў ягонай біяграфіі.

belsat.eu

Стужка навінаў