Наступствы «Дажынак-2011»: заведзеныя крымінальныя справы


А жыхарам прапаноўваюць рабіць капітальны рамонт сваім коштам.

Летась Маладзечна рыхтавалі да “Дажынак”. Згодна з планам, мусілі абнавіць 117 жылых дамоў – пры тым, што дагэтуль капітальны рамонт паспявалі рабіць у пяці-шасці дамах на год. На рамонт жытла камунальнікі ўзялі крэдыт на суму Br 40 млрд. “Прыкладна ў палове з названых 117 жылых дамоў працы капітальнага і пабежнага рамонту не завершаныя, – паведамляе вядучы інжынер жыллёвага аддзелу “Камунальнік” Людміла Пахомава. – На некаторыя будаўнічыя арганізацыі, што рыхтавалі Маладзечна да свята, завялі крымінальныя справы. Авансы будаўнікі ўзялі, працаў не выканалі – пасля дэвальвацыі рубля яны папросту разбегліся”.

Тым часам капітальнага рамонту чакаюць іншыя дамы, якім больш за сорак гадоў. Аднак камунальнікі прапаноўваюць або пачакаць лепшых часоў, або рабіць рамонт за свае грошы. Жыхароў, якія штомесяц пералічваюць сродкі на капітальны рамонт у доме, такая сітуацыя не задавальняе.

“Адлічэнні на капітальны рамонт, якія бяруць у дзяржаўных арганізацыях, – сістэма ЖРЭА, ЖЭСаў, – яны тут жа трацяцца. Значыць, гэтыя грошы не назапашваюцца. Вобразна кажучы, сёння новыя дамы фінансуюць рамонт старых. І пры гэтым яшчэ дзве траціны дадае дзяржава, – тлумачыць сітуацыю галоўны інжынер таварыства ўласнікаў “Агмень” Генадзь Калёнаў. – Каб выправіць сітуацыю, патрэбныя рэформы. Так, грошы на капітальны рамонт трэба збіраць на 100 % ад неабходнай сумы. А для кожнага дому гэта зусім розныя сумы. І ў гэтым выпадку арганізацыя, якая кіруе жыллёвым комплексам, нясе адказнасць за тое, што яна зробіць дакладны разлік, і дадатковых грошай на рамонт не спатрэбіцца”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары