Алесь Баразенка не збіраецца спыняць галадоўкі


Пра гэта журналіст паведаміў свайму адвакату. Трапіць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў да свайго падабароннага адвакату ўдалося толькі з другога разу – у першай палове дня ў спатканні адмовілі нібыта з-за недахопу вольных памяшканняў для сустрэчы. Аднак пасля абеду абаронца змог яго пабачыць.

“Пачуваецца Алесь нармалёва, спыняць галадоўкі пакуль не збіраецца. Распавёў, што ўчора яму аддалі перадачу ад сяброў з волі. Аднак тэлеграмы са словамі падтрымання да зняволенага не даходзяць”, – распавяла “Белсату” незалежная журналістка Аліна Радачынская. Паводле яе, з незразумелых прычынаў адміністрацыя Акрэсціна перакідвае журналіста з камеры ў камеру: за два дні Алесь Баразенка “пасядзеў” ужо ў трох камерах.

Заўтра будзе пададзеная скарга на рашэнне суда Цэнтральнага раёну сталіцы, які прызнаў журналіста вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі) і асудзіў Алеся Баразенку на 11 дзён адміністратыўнага арышту. Нагадаем, аператара “Белсату” затрымалі 8 студзеня ля будынку КДБ, калі ён здымаў акцыю салідарнасці з палітзняволенымі. На знак пратэсту Алесь Баразенка ў зале суда абвесціў галадоўку.

Сябры і калегі журналіста імкнуцца падтрымаць Алеся Баразенку. “Сёння аднесла Алесю пітную ваду і сокі, перадачу ў мяне прынялі”, – гаворыць фотажурналістка Юлія Дарашкевіч. Аднак, як стала вядома ад адваката, гэтая перадача на момант сустрэчы да ягонага падабароннага не трапіла.

Алеся Баразенку затрымалі падчас выканання працоўных абавязкаў. Ён здымаў акцыю салідарнасці з палітвязнямі ля будынку КДБ у Менску. Калі актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Мікіта Каваленка разгарнуў партрэты палітзняволеных і бел-чырвона-белы сцяг, яго разам з журналістам затрымалі працаўнікі КДБ. У панядзелак, 9 студзеня, суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў тэлеаператара Алеся Баразенку 11 днямі адміністрацыйнага арышту. Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Мікіту Каваленку арыштавалі на 15 дзён. Абодвух суд прызнаў вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання. Адразу ж пасля вынясення прысуду Алесь на знак пратэсту распачаў галадоўку.

belsat.eu

Стужка навінаў