Ці выступяць менчукі супраць гатэлю на праспекце Пераможцаў?


На месцы былога інтэрнату на пр. Пераможцаў з’явіцца сучасны гандлёва-забаўляльны цэнтр з чатырохзоркавым гатэлем. Размову з мясцовымі жыхарамі прызначылі ўжо пасля заключэння інвестыцыйнай дамовы.

Менгарвыканкам і кампанія «Galleria Concept Blr Limited» падпісалі інвестыцыйную дамову яшчэ ў верасні. Інтэрнат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, на месцы якога мае ўзнікнуць сучасны цэнтр, знеслі ў кастрычніку, але будаўнічую пляцоўку адразу закрылі рэкламнымі палотнамі – раскрываць падрабязнасці пра вонкавы выгляд комплексу інвестар не спяшаецца. Да таго ж, грамадскае абмеркаванне з мясцовымі жыхарамі аб мэтазгоднасці ўзвядзення аб’екту пачалі ўжо пасля падпісання дамовы з замежнаю кампаніяй.

Чыноўнікі Менгарвыканаму спасылаюцца на тое, што новая канцэпцыя прадугледжвае змену цэнтру гораду – тут маюць з’явіцца шмат новых шматфункцыянальных будынкаў. Апроч таго, чыноўнікі кажуць, што жыхары гораду неахвотна сустракаюцца з уладамі для абмеркавання такіх праектаў. «На сустрэчы ў адміністрацыі Цэнтральнага раёну не было ніводнага чалавека!» – кажа начальніца аддзелу ўзгаднення праектаў ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Алена Кавальчук.

Аднак варта адзначыць, што такія сустрэчы прызначаюць на працоўны час у працоўныя дні, а жыхарам пра гэта паведамляюць у дзень сустрэчы.

Вядома, што жыхары дому па вул. Дзімітрава, які стаіць адразу за будучым комплексам, выступаюць супраць будоўлі, шуму і бруду, якія ідуць ад яе. Побач – падмурак яшчэ аднаго жылога дому, будаўніцтва якога спынілі праз суд. «Нам прыйдзецца ўзгадніць усё з кожным чалавекам, кожнаму пакланіцца, правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне», – кажуць распрацоўшчыкі праекту СТАА «Галерэя Канцэпт».

Нагадаем, што менчукі здолелі адстаяць захаванне парку імя 40-годдзя Кастрычніка. На яго месцы планавалася пабудаваць гатэль «Пекін». У выпадку з «Галерэяй» на пр. Пераможцаў сітуацыя ўскладняецца тым, што дамова з інвестарам заключаная пад канкрэтныя плошчы і знос старога інтэрнату аплаціла замежная кампанія.

У склад новага комплексу мае ўвайсці гандлёвы цэнтр плошчаю 45,5 тыс. квадратных метраў і чатырохзоркавы гатэль на 219 нумароў. Цэнтр будзе мець 20 паверхаў.

belsat.eu

Стужка навінаў