Павышэнне базавай велічыні моцна ўдарыць па таксістах


І як вынік, па пасажырах – тарыфы на праезд вырастуць.

Базавая велічыня – штучная лічба, да якой прывязаныя шматлікія плацяжы, стаўкі і штрафы. 1 красавіка яна павялічыцца амаль утрая: з 35 тыс. да 100 тыс. руб. Паводле прадпрымальнікаў, гэтае павышэнне негатыўна паўплывае на развіццё бізнесу.

«Павелічэнне базавай на нас адаб’ецца вельмі моцна, – кажа дырэктар сталічнай службы таксі «184» Андрэй Крылоў. – І ў першую чаргу з-за арэнднай платы. У нашай кампаніі 350 квадратных метраў арэнднай плошчы. І плата за яе прывязаная да базавай. Што будзе, калі яна павысіцца ўтрая? Мы будзем вымушаныя павышаць абаненцкую плату нашым таксістам. І калі яна цяпер складае 300 тысяч, то нескладана ўявіць, колькі гэта будзе пры трохразовым павелічэнні».

Яшчэ адзін момант, які можа паўплываць на падаражанне транспартных паслугаў, – штрафы за парушэнні Правілаў дарожнага руху (ПДР), таксама прывязаныя да базавай велічыні. «Вельмі часта кіроўцаў штрафуюць за дробныя парушэнні ПДР. І калі, напрыклад, раней было папярэджанне або штраф 35 тысяч (адна базавая), то цяпер гэта будзе 100 тысяч, якія яшчэ трэба зарабіць», – кажа Андрэй Крылоў.

Бізнесоўцы прапаноўваюць паступова падымаць базавую велічыню. «Трэба разумець, што адначасова з базавай велічынёй узрастуць пошліны: гэтак, рэгістрацыя індывідуальнага прадпрымальніка будзе каштаваць не 17,5 тысяч, а 50 тысяч. А рэгістрацыя камерцыйнай арганізацыі – не 175, а 500 тысяч, што істотна ўскладніць рэгістрацыю новых юрыдычных асобаў ды індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама пагоршыць бізнес-клімат Беларусі, які і цяпер мае дрэнны імідж праз леташнюю дэвальвацыю, – кажа інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін. – Зыходзячы з гэтага, прадпрымальніцкія аб’яднанні выказваюць меркаванне, што сёлета базавую велічыню варта павялічыць да 50 тысяч рублёў».

Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў мяркуюць, што рашэнне ўладаў «было прынятае без дастатковага эканамічнага абгрунтавання, без кансультацыяў з дзелавою супольнасцю (асацыяцыямі, саюзамі), што супярэчыць пункту 9.4 дырэктывы № 4».

belsat.eu

Стужка навінаў