Паводка ў Бразіліі: 10 тысячаў чалавек страцілі дамы


Моцная паводка ўдарыла па паўднёвым усходзе Бразіліі – з пачатку года ў штаце Мінас Жэрайс больш за 10 тысячаў чалавек засталіся без жытла, агулам ад стыхіі пацярпелі больш за 2 млн чалавек.

Патоп не толькі знішчыў дамы, пашкоджаныя таксама сістэмы водазабеспячэння ў 21 горадзе, амаль 1 млн бразільцаў адчувае нястачу пітной вады.

З-за моцных ападкаў узровень вады ў вадаёмах істотна падняўся, у ваколіцах гораду Дзівінопуліс у рэках ён вышэйшы за норму на 8 м. Тысячы чалавек у гэтым рэгіёне былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Там, дзе вада адступіла, дамы, часцей за ўсё, ужо не прыдатныя для жыцця. «Я страціў амаль усё. Не ведаю, што сказаць, і не ведаю, што я магу зрабіць. Я адпраўлю сваіх дзяцей у школу, там ім будзе адносна бяспечна, а сам застануся тут, бо трэба сачыць за ўзроўнем вады», – гаворыць адзін з пацярпелых ад паводкі.

Улады абвесцілі пра план перасялення, перадусім гэта датычыць паселішчаў ля рэкаў, дзе вада затапіла тысячы дамоў. Пакуль большасць пацярпелых вымушаная чакаць у часовых сховішчах, пакуль вада спадзе.

belsat.eu

Стужка навінаў