Куба: Урад зразумеў, што далей так жыць нельга


Кубінскі ўрад абвесціў, што будзе выдаваць субсідыі, каб дапамагчы грамадзянам аплаціць рамонт або будаўніцтва жытла.

З-за шматлікіх перашкодаў і абмежаванняў з боку ўраду зрабіць капітальны рамонт дому было практычна немагчыма, таму жылы фонд выспы пачаў занепадаць. Тамаліс Нуннес, якая працуе вартаўніцаю на дзяржаўным прадпрыемстве, жыве з трыма дзяцьмі ў пакоі без ванны і прыбіральні. Дазволіць сабе рамонт з такім малым заробкам яна не можа.

Раней па субсідыі звярталіся шматлікія кубінцы, але атрымлівалі адмову. Паводле 74-гадовай хатняй гаспадыні Мірты Дамітылі Касановы, яе муж некалькі разоў спрабаваў узяць крэдыт у банку, але безвынікова.

Мэта ўраду – палепшыць умовы жыцця кубінцаў, захаваўшы эканамічную мадэль савецкага тыпу. Субсідыі на будаўнічыя матэрыялы і працы пачнуць выдаваць ужо ў сярэдзіне студзеня. Гэта частка вялікага плану, прынятага летась у красавіку на з’ездзе Камуністычнай партыі. Ён уключае больш за 300 рэформаў.

Праблемы з жытлом на Кубе маюць каля 600 тыс. сем’яў. Сітуацыя пагоршылася пасля разбуральных ураганаў, паводак і пажараў, якія абрушыліся на выспу цягам апошняга дзесяцігоддзя.

belsat.eu

Стужка навінаў