Алег Трусаў у «Гарачым каментары»


https://youtu.be/j3cdIF9HEMg
Традыцыйна кожны новы год урад прысвячае той сферы, якая, на яго думку, патрабуе найбольшай увагі. Мінулы 2011-ы быў Годам прадпрымальніцтва, і яго цяжка назваць спрыяльным для айчынных бізнесоўцаў. Цяпер настала чарга кнігі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў адзначае, што на з’ездзе недзяржаўнага Саюзу пісьменнікаў, які прайшоў нядаўна, гаварылася: большасць жыхароў Беларусі ўвогуле ніякія кнігі не чытае. Але гэтая праблема ёсць па ўсім свеце, дадае ён.

Калі не канцэнтравацца на накладах, то сітуацыя выглядае не так трагічна: «Найменняў вельмі шмат, і ўсе яны недзяржаўныя. Беларусы знаходзяць грошы, кнігі па-беларуску друкуюць і прэзентуюць». Да таго ж, у эпоху інтэрнэту кнігі можна чытаць не толькі ў папяровай версіі. Улічваючы гэты аспект, сітуацыя выглядае нават лепей, чымся дзесяць гадоў таму.

Падрастае і новае пакаленне, якое цікавіцца беларускім словам: «Цяпер у ТБМ моладзі ўступае значна болей, чымся 3–4 гады таму». Што цікава, людзі гэтыя вучацца ў расейскамоўных школах, і бацькі іх дома таксама не размаўляюць па-беларуску. Каб прывабіць яшчэ больш маладых чытачоў, кніга мае быць выдадзеная на высокім узроўні, з якаснымі ілюстрацыямі, мажліва – нестандартным фарматам. «І самае галоўнае – добрая прэзентацыя», – адзначае Алег Трусаў.

Што зрабіла ТБМ для пашырэння беларускага слова? Старшыня арганізацыі называе два дзясяткі насценных календараў, прысвечаных помнікам архітэктуры (прэзентацыя запланаваная на 16 студзеня), беларуска-англійскі і англійска-беларускі размоўнік (ён зрабіўся такім папулярным, што выдалі два наклады). Наперадзе – выданне Правілаў дарожнага руху, што мае з’явіцца праз 1–2 месяцы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары