Як паўплываюць на беларускую эканоміку пратэсты ў Расеі?


Пакуль што дзякуючы ім спыніўся рэйдарскі захоп маёмасці ў нашай краіне, кажа эканаміст Аляксандр Сінкевіч.
Паводле яго, на сённяшнюю сітуацыю ў беларускай эканоміцы найбольш паўплывала леташняя ўнутрыпалітычная сітуацыя. Перадусім тое, што Беларусь трапіла ў залежнасць ад крамлёўскай алігархіі. Ён нагадвае пра вялікія пазыкі, якія Крэмль абяцаў Лукашэнку напярэдадні выбараў, але своечасова не даў, дзякуючы чаму сёлета Беларусь зазнала «сур’ёзную рэйдарскую атаку».
«Мы назіраем сёлета спробу – першую, бадай, у беларускай гісторыі – вырашэння Крамлём… канчатковага вырашэння беларускага пытання», – гаворыць Аляксандр Сінкевіч. І спроба гэтая, паводле эксперта, была для Расеі паспяховая, улічваючы продаж «Белтрансгазу». Аднак для нашай краіны ўсё магло б скончыцца значна горш: «Магчыма, мы б увайшлі ў гэты год у статусе расейскай правінцыі з расейскім рублём».
«Крыху ўратавалі» беларусаў пратэсты, якія ахапілі Расею пасля парламенцкіх выбараў. «Ім цяпер не да беларускіх эканамічных захопаў рэйдарскіх, не да нас», – кажа эканаміст.
Цяпер жа ўсе чакаюць, якімі ў наступным годзе будуць цэны на газ паводле дамоўленасці з Расеяй. І тут аптымістычных перспектываў Аляксандр Сінкевіч не бачыць: «Расея апынулася ў зоне турбулентнасці перад выбарамі, таму складана сказаць, як гэта ўсё скончыцца для Беларусі». Захаванне ўплыву крамлёўскіх уладаў прывядзе да працягу рэйдарскай атакі. Калі ж Расею надоўга захліснуць пратэсты, на беларускую эканоміку гэта таксама не паўплывае пазітыўна. «Адзінае, на што трэба разлічваць, – на ўласныя сілы, і выкарыстоўваць тое адтэрмінаванне, якое мы цяпер атрымалі», – перакананы эканаміст.
belsat.eu
Стужка навінаў