У сталіцы прадалі адзін з самых вядомых даўгабудаў


Продаж адбыўся пасля васьмі аўкцыёнаў, першапачатковы кошт улады былі вымушаныя зменшыць у тры разы.

Гаворка ідзе пра паркінг на вул. Петруся Броўкі. Стаянкі на 500 аўтамабіляў пачалі будаваць яшчэ ў 1989 г. Да таго, як праект замарозілі, будаўнікі паспелі выканаць палову аб’ёму працаў. Упершыню аб’ект выставілі на продаж у 2003 г., аднак ахвочых яго набыць не знайшлося. Сёлета васьміпавярховік ацанілі паўторна – на 10 млрд руб. Але толькі пасля восьмага этапу аўкцыёну знайшоўся зацікаўлены пакупнік. Праўда, першапачатковы кошт быў зменшаны ўжо ўтрая.

“Мы спадзяемся, што ў гэтым будынку з’явіцца адміністратыўна-дзелавы цэнтр, – кажа дырэктар фонду “Менскгармаёмасць” Андрэй Такарчук. – І запраектаваная аўтастаянка ў будынку будзе спрыяць развіццю аб’екту, бо сталіца цяпер мае сур’ёзныя праблемы з паркоўкамі”.

Даўгабуды – адна з самых сур’ёзных праблемаў у краіне, адзначаюць адмыслоўцы. На сёння ў Беларусі каля 12 000 аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці, што ніяк не выкарыстоўваюцца. У сталіцы – 140 аб’ектаў, нарматыўныя тэрміны здачы якіх даўно скончыліся. На рашэнне ўладаў даўгабуды выстаўляюцца на аўкцыён, прычым новы гаспадар мусіць завяршыць усе будаўнічыя працы да 2013 г., або будынкі знясуць. За апошнія тры гады выніковасць аўкцыёнаў, дзе прадаюць аб’екты, што ўваходзяць у пералік фонду дзяржаўнай маёмасці, склала ў сярэднім 20–25 %.

“Бізнесоўцы выдатна разумеюць, што ў пералік фонду дзяржаўнай маёмасці трапляюць не самыя цікавыя аб’екты: сельскагаспадарчыя фермы, былыя крамы і школы ў сельскай мясцовасці – аб’екты не самыя ліквідныя, якія месцяцца далёка ад рынкаў збыту. Апроч таго, першапачаткова выстаўляецца вельмі высокі кошт на аб’ект. Ён можа зменшыцца толькі праз некалькі гадоў, калі стан аб’екту моцна пагоршыцца. Такая логіка ўладаў не даспадобы бізнесу”, – адзначае інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін.

belsat.eu

Стужка навінаў