У Эстоніі няма снегу: Санта-Клаус засеў за «Skype»


Эстонскі Санта-Клаус вырашыў памяняць аленяў і сані на «Skype», каб наведаць як мага болей дзяцей падчас Калядаў.

Сямігадовая Мар’ян у эстонскім прыморскім горадзе Пярну з нецярпеннем чакае перад камп’ютарам сваёй маці на званок ад Санты. «Я планую пагаварыць з Сантам, які цяпер сядзіць у Лапландыі. Ён прыслаў мне падарункі ўчора, а сёння я хачу з ім паразмаўляць. Ён вельмі заняты», – распавяла дзяўчынка.

Санта-Клаус Улляр узіраецца ў экран. Мар’ян паказвае яму свае малюнкі і калядную елку, чытае вершы, пазней яны гуляюць у гульні. Гутарка доўжыцца каля 10 хвілінаў, затым Санта кажа: «Да пабачэння».

«Рэальны Санта падабаецца мне больш, чымся размова па «Skype», але калі ён такі заняты, то паразмаўляць праз «Skype» таксама вельмі файна», – кажа Мар’ян пра свой першы досвед сустрэчы з віртуальным Сантам.

Недзе за 200 км на поўнач ад Пярну, з жылога дому ў Таліне, Санта-Клаус Улляр вітае яшчэ адно дзіця, якое жыве за сотні кіламетраў.

«Хо-хо-хо! Добры дзень, дзеці! Глядзіце! Цяпер я магу трапіць да вас віртуальна. Праз «Skype»! Я хацеў прыехаць, але не мог зрабіць гэтага асабіста. Як вы думаеце, што гэта? Так, гэта званочак ад маіх санак. Спачатку мы ехалі на аленях, але далей не было снегу, таму мне давялося перасесці на колы», – кажа Санта-Клаус.

Улляр прыдумаў ідэю віртуальнага Санта-туру. Размова каштуе 10 еўраў, што ў 3–5 разоў танней, чымся рэальны візіт Санты.

«Асноўная перавага віртуальнага візіту ў тым, што мы можам быць усюды. Напрыклад, сёння я магу гаварыць з сям’ёю, якая жыве ў Ірландыі. Без «Skype», нават калі б я меў суперхуткасныя сані, было б вельмі цяжка наведаць розныя сем’і ды месцы за адзін дзень».

Яшчэ адна перавага віртуальных візітаў, кажа мужчына, у тым, што ён можа павіншаваць эстонскіх дзяцей, якія жывуць за мяжою. Ідэя аказалася настолькі папулярнаю, што на наступныя Каляды Улляр плануе набраць больш Санта-Клаусаў для віртуальных тураў.

belsat.eu

Стужка навінаў