Заробкі настаўнікам будуць налічваць паводле новай схемы


Педагогі насцярожана ўспрымаюць будучыя перамены.

Перад пачаткам новага навучальнага года Лукашэнка праводзіў рэспубліканскую нараду з настаўнікамі. Па яе выніках Савету Міністраў даручылі разгледзець пытанні паэтапнага павышэння заробку педагогам. У якасці адной з альтэрнатываў дзейнай сістэме прапаноўваецца пераход на штатна-акладную сістэму аплаты працы. Што гэта значыць? Сёння працягласць працоўнага часу педагога складаецца з нармаванай ды ненармаванай частак. У нармаваную ўлучаецца пэўны аб’ём працы на ўроках – 18 гадзінаў. Але вядома, што настаўнікі працуюць больш за 18 гадзінаў на тыдзень. Астатні іхны працоўны час не ўлічваецца наўпрост для налічэння заробку.

Выправіць гэту сітуацыю мае новая сістэма разліку. Пры штатна-акладнай сістэме настаўнікам давядзецца на стаўку працаваць 36 гадзінаў на тыдзень, якія будуць нармавацца і аплачвацца. Па падліках Федэрацыі прафсаюзаў, фінансаванне з бюджэту мусіць павялічыцца на 80 %. “Нашая пазіцыя адназначная: пераходзіць на штатна-акладную сістэму аплаты працы магчыма толькі пры гатоўнасці мясцовых бюджэтаў прапарцыянальна павялічыць аб’ём адпаведных асігнаванняў”, – кажа намеснік старшыні цэнтральнага камітэту прафсаюзу працаўнікоў адукацыі і навукі Раман Дапіра.

Самі настаўнікі насцярожана ўспрымаюць будучыя перамены. “На штатна-акладную сістэму аплаты працы перайшлі нашыя калегі ў Расеі. І яны не выйгралі ад гэтага, – кажа малады спецыяліст Елізавета Заводнік. – Спадзяванняў, што заробак будзе раўназначна павялічвацца пры мацнейшай загрузцы, у нас няма, бо нават цяпер мы увесь час чуем ад кіраўніцтва, што фінансаванне адукацыі скарачаецца. Адкуль жа возьмуць дадатковыя грошы?”

belsat.eu

Стужка навінаў