У Менску адкрылася выстава «Праз класіку да сучаснасці»


Гэта першы творчы праект Цэнтру сучасных мастацтваў, які пачаў сваю дзейнасць напрыканцы 2010 года, размясціўшыся ў былой майстэрні народнага мастака Беларусі Міхася Савіцкага. Праект складаецца з некалькіх тэматычных экспазіцыяў, інсталяцыі ды прэзентацыі відэа-арту.

На выставе наведнікі знаёмяцца з цэлым шэрагам праектаў: архіў “30” – гісторыя стварэння Творчых акадэмічных майстэрняў жывапісу, графікі, скульптуры; фотаархіў – экспазіцыя фотаздымкаў, прысвечаных жыццю і творчасці Савіцкага (фотамастак Яўген Коктыш); скульптурная праца Валерыя Малахава і Валяр’яна Янушкевіча; жывапіс Уладзіміра Кожуха; відэа-арт Кацярыны Кенігсберг; “Графічны сад” – экспазіцыя нестандартнага ўзаемадзеяння аб’ёму і плоскасці; “Homo Neonum” – чарговы праект творчага аб’яднання “Неоновая голова”, натхнёны ідэяй мастацкага асэнсавання чалавекам будучыні ў яго ўзаемадзеянні з космасам.

“Вельмі важна, што ў нашай краіне адкрыўся Цэнтр сучасных мастацтваў, – адзначыў міністр культуры Павел Латушка, – вельмі важна, што пачынаецца яго рэальная праца і з’яўляюцца новыя цікавыя праекты. Бо гэта сапраўды вельмі добрая магчымасць для рэалізацыі таленавітымі маладымі людзьмі сваіх ідэяў, ініцыятываў, можа, чагосьці надзвычайнага, чаго раней ніколі не было ў мастацтве нашай краіны. Гэта першая спроба, яе можна ацаніць па-рознаму – камусьці спадабаецца, камусьці не, але ў мастацтве заўсёды прысутнічала суб`ектыўнасць ацэнкі. Важна, што гэты працэс пачаўся. Мы плануем у наступным годзе, у верасні-кастрычніку, зрабіць буйны праект, выставу сучаснага мастацтва, які, я спадзяюся, аб’яднае ўсе цікавыя ідэі ў мастацтве нашай краіны”, – мяркуе міністр культуры.

belsat.eu

Стужка навінаў