Экзарцысты ў Пакістане


Джыны ўсё часцей наведваюць душы мясцовых жыхароў. У Пакістане не вельмі распаўсюджаная псіхіятрычная дапамога, таму апантаныя шукаюць дапамогі ў святароў.

Захад Пакістану збольшага асацыюецца з талібамі, якія вызнаюць артадаксальную версію ісламу: жанчын змушаюць хадзіць захутанымі ў бурку з галавы да пятаў, знішчаюць жаночыя школы і заахвочваюць іх стаць тэрарысткамі-смяротніцамі. Але ў гэтай 170-мільённай краіне іслам мае шмат інтэрпрэтацыяў.

Хворыя, што не знаходзяць дапамогі ў бясконцых лекараў, ідуць у храмы суфіяў – гэтая рэлігійная плынь у ісламе вызнае аскетызм, адмову ад матэрыяльных каштоўнасцяў і веру ў наканаванасць лёсу.

Як кажуць дактары, “апантаныя” – гэта не толькі псіхічна хворыя, але і тыя, хто пацярпеў ад уладаў, баевікоў, а часам і тыя, каму папросту не пашанцавала ў жыцці. Не маючы дастатковай дзяржаўнай і медычнай дапамогі, людзі вінавацяць ва ўсім дэманаў, ці, як іх называюць тут, – джынаў.

Талібы таксама крытычна ставяцца да суфіяў, якіх уважаюць надта памяркоўнымі. Гэтак, цягам сёлетняй гадавіны суфіцкай святыні ў горадзе Дэра Газі Хан смяротнікі талібаў забілі 41 чалавека.

Але страх перад джынамі мацнейшы за боязь талібаў. Дзясяткі людзей звяртаюцца да мясцовых суфіяў-экзарцыстаў па дапамогу.

24-гадовы Рагім Яр правёў у суфіцкай святыні амаль пяць гадоў. Яго прывёў туды бацька, які хваляваўся, што ягоны адзіны сын усё радзей размаўляе і губляе памяць.

“Дзевяноста адсоткаў такіх праблемаў удаецца вырашыць. Некаторыя дэманы пакінулі яго, але ўнутры застаецца адзін моцны джын. Ад яго пазбавяцца цягам некалькіх дзён”, – кажа бацька Рагіма.

Джын, які застаецца ў Рагіму, просіць яго пайсці ў Індыю ў храм, дзе людзі прыносяць сябе ў ахвяру.

Адзін з надзейных метадаў выгнаць джына – прыкуць апантанага ланцугом да сцяны. Некаторыя дэманы могуць пакінуць чалавека ўжо праз некалькі месяцаў – праз святасць месца, у якое трапілі.

Святары суфіяў кажуць пра надзвычайную моц, якою іх абдарыў Алах, з яе дапамогаю яны могуць не толькі выгнаць джына, але і вылечыць імпатэнцыю ці нават знайсці каханне.

Мясцовы экзарцыст Алюдын кажа, што ён можа пазмагацца з 18 000 злых духаў, якія выйшлі з агню. Акрамя працы ў святыні, суфій стварае сваю старонку ў сеціве і дае кансультацыі праз тэлефон. Выгнанне джына каштуе ад 50 цэнтаў да 2,5 долараў за паўгадзінную сесію – а іх колькасць залежыць ад магутнасці духа.

belsat.eu

Стужка навінаў