Ці дазволяць менчукі будаваць мансарды над сваімі галовамі?


Менгарвыканкам вызначыў спіс з 32 будынкаў, у якіх магчымая надбудова дадатковага мансардавага паверху. У спіс уваходзяць і пяціпавярховыя «хрушчоўкі» ў спальных раёнах, і трохпавярховікі на праспекце Незалежнасці. Каб пачаць будаўніцтва, трэба атрымаць згоду большасці жыльцоў дому і знайсці інвестара.

«Права на надбудову даецца інвестару бясплатна», – адзначае генеральны дырэктар «Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Уладзімір Раентовіч. Кватэры ў мансардзе, паводле яго, перадусім мусяць прапаноўвацца жыльцам дому, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне ўмоваў. Калі яны энтузіязму не выказваюць, то дамову на долевае будаўніцтва можна заключыць з любым іншым чалавекам.

Ахвотных дабудоўваць «хрушчоўкі» мала, аднак два дамы па праспекце Незалежнасці стаяць у спісе асабняком. Яны займаюць дарагую зямлю (насупраць станцыі метро «Маскоўская»), таму інвестары маюць да іх павышаную цікавасць. «Дамы, пра якія вы кажаце, былі размеркаваныя паміж забудоўшчыкамі. Але ў кагосьці скончыліся грошы, а хтосьці сутыкнуўся з тым, што жыльцы ўпарцяцца: не хочам – і ўсё», – тлумачаць у ЖРЭА Першамайскага раёну.

Жыльцы не паддаюцца, змагаючыся з гарадскімі ўладамі да апошняга. «Зразумела, што забудоўшчык хоча атрымаць як мага больш прыбытку. Але, па-першае, ёсць пытанні бяспекі. Рабіць мансарду і пакідаць у доме драўляныя перакрыцці проста недапушчальна. Гэта пацвярджаецца новым тэхнічным рэгламентам, які дзее з 2010 года, – кажа жыхар дому Аляксандр Пятроўскі. – Па-другое, нас нават не збіраюцца адсяляць на час будаўніцтва. Вы ўяўляеце, як можна жыць, калі над галавою разбіраюць дах і будуюць новы паверх?»

belsat.eu

Стужка навінаў