Пафас, попс і прапаганда ад «Pomidor/OFF»


У Менску прайшла прэзентацыя другога дыска гурта «Pomidor/OFF» «Патас/Попс/Прапаганда». Нагадаем, што першы альбом музыкаў выйшаў яшчэ дзевяць гадоў таму.

«Праца над альбомам ішла даволі доўга, – патлумачыў журналістам Аляксандр Памідораў, – і вось нарэшце 2 снежня ён выйшаў. У яго ўвайшлі 13 песень, напісаных з 2002 да 2010 года, і два бонусныя трэкі. Рэпу і гіп-гопу вы там не знойдзеце. Я – стары, хворы меламан і люблю старыя кружэлкі, старыя дыскі з тых часоў, калі модна было выдаваць нейкія канцэптуальныя рэчы кшталту тых, што рабілі «Uriah Heep». Такія альбомы, якія аб’яднаныя адзінай ідэяй. Гэта ўсё адтуль, гэта ўсё, прабачце, такое ў мяне дрэннае выхаванне. Таму менавіта такія песні трапілі ў альбом, другое – гэта прыкладна тое, што мы цяпер з гуртом «Pomidor/OFF» граем».

Дыск запісваўся з удзелам запрошаных музыкаў у некалькі прыёмаў на розных студыях у Польшчы і Беларусі, а зводзіўся на менскай студыі «Осмас».

Падчас імпрэзы гасцей частавалі пельменямі і гарэлкаю. Памідораў прызнаўся: «Гэта мая даўняя мара – зрабіць нейкую прэзентацыю без «фуршэту-муршэту», а з пельменямі і гарэлкаю. Зараз смятану прынясуць – і пачнем».

belsat.eu

Стужка навінаў