ААН: у Сірыі забілі больш за 5000 чалавек


Падчас закрытай сесіі Рады Бяспекі ААН вярхоўны камісар у справе правоў чалавека Наві Пілай (Navi Pillay) заявіла, што з пачатку хваляванняў у Сірыі загінулі больш як 5 тысячаў чалавек. Каля чатырнаццаці тысячаў арыштаваныя, больш за 10 тысячаў былі вымушаныя ўцякаць за мяжу.

У агучаныя лічбы колькасці ахвяраў не ўлучаныя загінулыя жаўнеры і працаўнікі спецслужбаў ды паліцыі, што ажыццяўляюць рэпрэсіі. Паводле ўладаў Сірыі, гэтая лічба сягае тысячы чалавек.

Афіцыйны прадстаўнік Сірыі пры ААН Башар Джаафары (Bashar Ja’afari) заяўляе, што агучаныя Наві Пілай лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці ды што сірыйскія ўлады вядуць барацьбу не з апазіцыяй, а з групамі крымінальнікаў-баевікоў. Башар Джаафары абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што яны ўводзяць у зман медыі ды сусветную супольнасць. “Інфармацыя ў справаздачы грунтуецца на заявах, сабраных ад перабежнікаў. Хіба перабежнікі могуць станоўча выказвацца пра ўрад? Гэтыя людзі заражаныя хваробаю пад назваю сірыяфобія”, – дадаў Башар Джаафары.

Тым часам у Сірыі па-ранейшаму адбываюцца антыўрадавыя дэманстрацыі. Афіцыйны Дамаск хоць і абяцаў уступіць у перамовы з апазіцыяй, аднак на справе працягвае з дапамогаю вайскоўцаў здушаць дэманстрацыі палітычных апанентаў. Асабліва цяжкая сітуацыя ў горадзе Гомс (Homs), частка якога застаецца фактычна ў аблозе. Прыхільнікі апазіцыі перыядычна змяшчаюць у сацыяльных сетках відэа пра тое, што адбываецца на вуліцах гораду. Гэтак, у адным з апошніх апублікаваных ролікаў выразна чуваць стрэлы, дамы на апусцелых вуліцах маюць шматлікія сляды ад куляў. Афіцыйны Дамаск інфармацыю пра сілавыя разгоны ў Гомсе зняпраўджвае.

belsat.eu

Стужка навінаў