Сяргей Чалы: Расея плаціць за «геапалітычныя панты»


https://youtu.be/DftVoYHUpVM
https://youtu.be/Gu1qCaJ1UqE
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы ўпэўнены, што падпісаныя ў Маскве дамовы ў газавай сферы і, як вынік, “інтэграцыйная зніжка” на расейскі газ – гэта хутчэй перамога афіцыйнага Менску, чымся Масквы. “Прыкладна ад лета вельмі актывізаваўся беларускі бок на гэтых перамовах, увесь час пытаючыся: мы ўдзельнічаем ва ўсіх гэтых інтэграцыйных праектах, а дзе вынік? Мы фактычна застаемся там толькі дзеля аднаго пытання, а менавіта – дзеля роўных (ці, прынамсі, блізкіх да расейскіх) коштаў на энерганосьбіты, – гаворыць Сяргей Чалы. – Расеі далей выдумляць нейкія новыя этапы, каб яшчэ адкласці гэтае пытанне, стала проста немагчыма”.

Кошт расейскага газу для Беларусі ў 2012 г. знізіцца амаль удвая, а з 2013-га кошт “блакітнага паліва” будзе прывязаны да ўнутрырасейскага. “Зразумела, што Расеі проста вельмі не хацелася на гэта ісці. Усе гэтыя інтэграцыйныя ініцыятывы разбураліся менавіта таму што спачатку прыдумляўся нейкі прапагандысцкі палітычны, або геапалітычны праект, а потым аказвалася, што ў яго ёсць пэўны эканамічны кошт. І тут аказвалася, што Расея гэтага кошту не можа або не хоча плаціць, і на гэтым усё заканчвалася. Цяпер жа давялося заплаціць эканамічны кошт за гэтыя, груба кажучы, “геапалітычныя панты”, – зазначыў Сяргей Чалы.

Пры гэтым ёсць сумневы адносна мэтазгоднасці продажу “Белтрансгазу”. Аляксандр Лукашэнка ў адным са сваіх інтэрв’ю назваў прадпрыемства “ржаваю трубою”, аднак фінансавы аналітык Сяргей Чалы зазначае, што за другую палову акцыяў “Белтрансгазу” расейцы заплацілі удвая большы кошт – прычым без адтэрмінавання выплаты. “Стала зразумела, што “Паўночная плынь” – гэта добра, але запаўняць яе няма чым. Бо таго росту попыту на газ у Еўропе, на які разлічваў “Газпром”, няма”, – зазначае Сяргей Чалы. Пры гэтым на ўтрыманне “Паўночнай плыні” патрэбныя грошы. Калі газаправод не загружаны напоўніцу, то гэта адбіваецца на выніковым кошце газу. “А больш кароткага і таннейшага шляху, чымся праз Беларусь, у Расеі ніколі не будзе”, – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары