Валерыя Навадворская ў “Гарачым каментары”


Адбыліся выбары ў расейскую дзяржаўную думу. Пакуль мясцовыя палітыкі спрачаюцца пра тое, наколькі дэмакратычным было волевыяўленне народу, мы, беларусы, мусім канстатаваць: палітычны курс усходніх суседзяў мае вялізарны ўплыў на лёс нашай краіны.

Ці не галоўным вынікам парламенцкіх выбараў сталася страта праўладнай “Единою Россией” канстытуцыйнай большасці ў думе. Партыя Уладзіміра Пуціна ды Дзмітрыя Мядзведзева ледзь-ледзь не дацягнула да 50 %, што азначае, паміж іншага, страту электаральнага падтрымання ажно на 15 % у параўнанні з выбарамі 2007 года. Акрамя гэтага большых зменаў не адбылося: месцы ў расейскім парламенце падзеленыя традыцыйна: паміж “Единой Россией”, лаяльнымі да ўлады расейскімі камуністамі, ліберал-дэмакратамі ды партыяй “Справедливая Россия”. Апазіцыя ў думу не прайшла ды заявіла пра шматлікія парушэнні й фальсіфікацыі, а незадаволеных на вуліцы сустрэла паліцыя – карціна, добра вядомая і беларусам.

Спадарыня Навадворская зазначыла, што ў тандэму Пуцін–Мядзведзеў няма цяпер моцных апанентаў. “У нас няма такіх людзей, як Саннікаў ці Някляеў, што загналі Лукашэнку ў другі тур, і праз гэта адбыліся ўсе трагічныя падзеі: арышты і разгоны, бо ён зразумеў, што мусіць ісці ў другі тур. У нас няма дэмакратычнай альтэрнатывы, якую можна было б зарэгістраваць. Беларускі сцэнар мае тыя асаблівасці, што Лукашэнка, канечне, маньяк, і скрасці яму ў Беларусі, відавочна, ужо няма чаго, а ў нас – чэкісты. Яны не толькі маньякі, але яшчэ жулікі і злодзеі. Да таго ж няма ніякага супраціву – вось гэтым і адрозніваюцца расейскі і беларускі сцэнары”, – кажа расейская дысідэнтка.

Паводле Валерыі Навадворскай, хто б не перамог у парламенцкіх выбарах, а пасля нават у прэзідэнцкіх, дачыненні Масквы ды Менску не змяніліся б. “Нашая дэмакратычная апазіцыя – гэта вялікая ўмоўнасць. Дэмакратычная апазіцыя не структураваная: Партыя народнай свабоды нават не змагла выкінуць з свайго складу імперыялістаў, Барыс Нямцоў не кантралюе сітуацыі, Уладзімір Ляшкоў лічыць, што трэба аб’ядноўвацца супраць Пуціна з фашыстамі ды камуністамі. Яны не ўяўляць, як трэба дабівацца заходняга выбару народу”, – кажа спадарыня Навадворская.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары