Алеся Бяляцкага перавялі ў СІЗА Жодзіна


Асуджанага праваабаронцу Алеся Бяляцкага перавялі са сталічнага следчага ізалятару № 1 у СІЗА гораду Жодзіна.

Як паведаміў калега Бяляцкага, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, 1 снежня з асуджаным сустракаўся ягоны адвакат Зміцер Лаеўскі. Бяляцкі сказаў абаронцу, што яму загадалі зрабіць вопіс асабістай маёмасці для пераводу ў Жодзіна. Паводле інфармацыі адваката, Бяляцкага адправілі туды сёння.

29 лістапада Лаеўскі падаў у Менскі гарадскі суд касацыйную скаргу на прысуд Алесю Бяляцкаму. Як растлумачыў Стэфановіч, згодна з заканадаўствам, да разгляду касацыйнай скаргі асуджаны мусіць утрымлівацца ў СІЗА – пераводзіць яго ў калонію не маюць права.

Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна”, 24 лістапада прысудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым паводле часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры).

Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўразвязу, ЗША і шэрагу іншых краінаў лічыць вынесены праваабаронцу прысуд палітычна матываваным і патрабуе ад уладаў Беларусі безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага.

Ліст падтрымання праваабаронцы можна выслаць на адрас: 222160, Менская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма № 8, Беляцкаму А. В.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары