Расея дае $ 10 млрд на АЭС і зніжае кошты на газ


У першым квартале 2012 г. Беларусь будзе плаціць за расейскі газ па 164 долары за тысячу кубаметраў. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін на пасяджэнні прэзідыуму ўраду 25 лістапада.

«Пры сярэдняй цане каля 400 долараў для Еўропы Беларусь будзе плаціць у першым квартале 164 долары за тысячу кубоў. Гэта сур’ёзная зніжка, якая дасць магчымасць пакінуць у беларускай эканоміцы не менш за 2 мільярды долараў», – цытуе Пуціна РІА «Новости».

Паводле яго, бакі таксама дамовіліся, што «Газпром» набудзе ва ўласнасць 100 % акцыяў ААТ «Белтрансгаз» (цяпер расейская кампанія валодае 50 % акцыяў).

«Беларусь атрымае так званую інтэграцыйную зніжку і цягам некалькіх гадоў выйдзе на роўнадаходныя цэны да 2014 года», – заявіў расейскі прэм’ер.

Ён пацвердзіў, што адпаведныя дакументы ў галіне газавай супрацы будуць падпісаныя сёння.

«Гэта вельмі важнае пытанне, якое ўрэгулюе нашы адносіны з Беларуссю на гады наперад і дасць магчымасць забяспечыць безумоўны транзіт праз беларускую тэрыторыю нашых энерганосьбітаў спажыўцам у Заходняй Еўропе», – падкрэсліў Пуцін.

Акрамя таго, паведаміў ён, Расея дае Беларусі крэдыт на будаўніцтва АЭС. «Мы дамовіліся, і сёння будуць падпісаны адпаведныя дакументы аб выдаванні Беларусі расейскага крэдыту аб’ёмам да 10 мільярдаў долараў з выкарыстаннем гэтага крэдыту цягам 10 гадоў і пагашэннем цягам 15 гадоў», – заявіў прэм’ер-міністр Расейскай Федэрацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў