Лукашэнка сустрэнецца з Мядзведзевым


Плануецца падпісаць бестэрміновае міжурадавае пагадненне аб фарміраванні цэн на газ для Беларусі і тарыфаў на транзіт, пагадненне аб куплі-продажы 50% акцый ААТ “Белтрансгаз” і кантракт на пастаўкі газу ў Беларусь на 2012-2014 гады.

Аляксандр Лукашэнка вылецеў напярэдадні ў сталіцу Расеі. Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта Беларусі, у цэнтры ўвагі перамоваў Лукашэнкі з Дзмітрыем Мядзведзевым «будуць пытанні гандлёва-эканамічнай супрацы дзвюх краінаў, перспектывы ўзаемадзеяння ў інтэграцыйных аб’яднаннях, у паліўна-энергетычнай сферы, а таксама шэраг іншых актуальных пытанняў двухбаковых адносінаў».

У парадак дня ўваходзяць 16 пытанняў, якія датычаць «практычна ўсіх асноўных кірункаў саюзнага будаўніцтва: эканомікі, фінансаў, культуры, вонкавай палітыкі, супрацы ў сацыяльнай сферы, гарантавання бяспекі».

Па выніках пасяджэння чакаецца падпісанне пакету пагадненняў аб умовах паставак і транзіту расійскага прыроднага газу ў Беларусь, а таксама некаторых іншых дакументаў, паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка.

У сваю чаргу прэс-служба Крамля праінфармавала, што Вышэйшая дзяржаўная рада Саюзнай дзяржавы разгледзіць пытанне аб прызначэнні новага дзяржсакратара замест Паўла Барадзіна, які займае гэтую пасаду з 2000 г. На месца Барадзіна могуць прызначыць паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта Расеі ў Прыволжскай федэральнай акрузе Рыгора Рапоту.

Каментуючы інфармацыю расейскіх медыяў пра тое, што кошты на газ для Беларусі знізяцца ўдвая, віцэ-прэм’ер нашай краіны Уладзімір Сямашка заявіў: «Калі расейскія медыі пішуць пра 150 даляраў, значыць, яны ведаюць, пра што пішуць».

Што датычыць кошту пакету акцыяў «Белтрансгазу», то першы віцэ-прэм’ер нагадаў аб правядзенні ў 2006 г. незалежнай ацэнкі кошту кампаніі, па выніках якой была названая сума 5 млрд даляраў. «За 2,5 мільярды ўжо прадалі частку», – адзначыў Сямашка. Пры гэтым ён падкрэсліў: калі раней Расея казала, што кошт завышаны, то цяпер пад сумнеў названыя сумы не ставіць.

Як сцвярджае віцэ-прэм’ер, усе дакументы, якія будуць падпісаныя 25 лістапада, выгадныя абодвум бакам. «Да рашэння ішлі доўга, год вяліся перамовы. Пытанне было развязанае, калі Аляксей Мілер пасля нашых шматмесячных перамоваў перадаў нашу пазіцыю Пуціну, які затым абмеркаваў гэта з нашым прэзідэнтам. Два месяцы пайшло на канчатковае ўзгадненне», – распавёў Уладзімір Сямашка. Паводле яго, усе дакументы ўжо прайшлі ўнутрыдзяржаўныя ўзгаднення ўва ўсіх зацікаўленых міністэрствах і ведамствах.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары