Анатоль Паўлаў у “Гарачым каментары”


https://youtu.be/edGerAr6iys
Паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе адбывацца паводле новых правілаў. Міністэрства адукацыі рыхтуе рэформы.

Міністэрства адукацыі прапаноўвае скасаваць амаль усе ільготы пры паступленні ў ВНУ, таксама на завочнае аддзяленне прымаць абітурыентаў, якія маюць працу, а балы па профільным прадмеце памнажаць на два. Мае знікнуць гэтак званы “вясковы конкурс”: выпускнікі вясковых і гарадскіх школаў будуць паступаць паводле аднолькавых правілаў. Скарачэнне чакае колькасць студэнтаў на юрыдычных і эканамічных спецыяльнасцях. Таксама ўніверсітэты зазнаюць шэраг іншых рэформаў.

Былы прарэктар БДУ сумняецца, што гэтыя захады можна назваць рэформамі, хутчэй, іх імітацыяй. “Кожны год умовы паступлення ў ВНУ мяняюцца. У чым мэта гэтага, я дагэтуль не магу зразумець. Калі мы ставім за мэту барацьбу з карупцыяй, то тады атрымліваецца, што самыя скарумпаваныя людзі заселі ў адукацыі. Дый гэта не тыя захады, з дапамогай якіх змагаюцца з карупцыяй”, – кажа спадар Паўлаў.

Сярод тых рэформаў, якія сапраўды неабходныя для беларускай адукацыі, Паўлаў вылучае падключэнне Беларусі да Балонскага працэсу. Паводле ягоных словаў, у часы, калі рэктарам БДУ быў Аляксандр Казулін, ВНУ ўжо была амаль гатовая ўвайсці ў Балонскі працэс.

“На жаль, узровень нашай адукацыі зніжаецца. Гэта смутны факт, але гэта не бяда адукацыі, а хутчэй праблема дзяржавы і дзяржаўнай палітыкі. У тым ліку і праз зніжэнне фінансавання адукацыі, узровень якога ў разы ніжэйшы за датацыі для спецслужбаў”, – падкрэсліў Анатоль Паўлаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары