Леанід Заіка: Нам патрэбны новы, малады і прафесійны ўрад


https://youtu.be/APNHw7AlMxM
На думку эканаміста Леаніда Заікі, цяпер у Беларусі сітуацыя дазваляе распачаць глыбокія рэформы. Але – з новым урадам. «У нас самыя нізкія заробкі, у нас з’явіўся «станоўчы» экспарт, насельніцтва перастала купляць тавары і паслугі ў той колькасці, як гэта было раней. Мы пачалі жыць па сродках – яшчэ раней за Грэцыю, ЗША і Японію. І сёння нам патрэбны малады і прафесійны ўрад», – заявіў Леанід Заіка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Аляксандр Лукашэнка скрытыкаваў Міхаіла Мясніковіча ды заявіў, што яго «насцярожвае» праца ўраду. «Цяпер – той рэдкі выпадак, калі я цалкам згодны з беларускім прэзідэнтам. Я ведаю Мясніковіча асабіста, і, на жаль, выйшла так, што гэта аказалася для яго занадта цяжкаю ношаю, і ён проста не вытрымаў, – гаворыць Леанід Заіка. – Ён часта працаваў на «другіх» пасадах. Прэм’ер-міністр мусіць быць чалавекам моцным, самастойным і ўмець прымаць хуткія рашэнні, але ў Мясніковіча гэтага не атрымалася».

Паводле Леаніда Заікі, новы ўрад сапраўды нясе значную частку адказнасці за крызіс у краіне. «Гэта тыповае беларускае памяркоўнае тлумачэнне, маўляў, ёсць прэм’ер, у якога рукі звязаныя, і прэзідэнт іх «звязвае» з раніцы і да вечара. Я лічу, што гэта звычайны міфалагічны момант», – падкрэсліў эканаміст.

«Адпраўляць у адстаўку трэба, ужо надакучыла адказваць на пытанні журналістаў: што б вы рэкамендавалі ўраду? Апошнія паўгода я кажу: пайсці ў адстаўку», – дадаў Заіка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары