22.000 рублёў за долар (абноўлена)


Паводле Міністэрства эканомікі ў 2012 г. дэвальвацыя беларускага рубля дасягне такіх памераў у выпадку захавання эмісійнага крэдытавання эканомікі.

Пра гэта заявіў намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка, выступаючы 8 лістапада на пасяджэнні Савету Міністраў.

Паводле яго, запыты рэальнага сектару эканомікі ў рэсурсах на будучы год вельмі высокія. «Каб прафінансаваць усе заяўкі, спатрэбіцца эмісія памерам 30 трыльёнаў рублёў», – заявіў Аляксандр Ярашэнка.

Ён падкрэсліў, што рэалізацыя інерцыйнага сцэнару, заснаванага на высокіх аб’ёмах эмісіі, прывядзе да далейшай дэвальвацыі рубля і росту цэнаў. «Курс можа сысці за 20 тысяч рублёў за долар», – растлумачыў чыноўнік. У прэзентацыі намесніка міністра была паказаная лічба 22 тыс. руб. за долар як вынік высокага эмісійнага фінансавання эканомікі.

Для недапушчэння далейшай дэвальвацыі беларускага рубля міністэрства прапаноўвае ў разы скараціць эмісійнае фінансаванне дзяржаўных праграмаў. Прапаноўваецца ўсталяваць фінансаванне дзяржпраграмаў на 2012 г. памерам 12 трлн руб. Пры гэтым, як патлумачыў Ярашэнка, 7 трлн руб. з названай сумы будуць эмісійныя, яшчэ 5 трлн руб. плануецца прыцягнуць за кошт вяртання раней выдадзеных крэдытаў.

Паводле ацэнак Міністэрства эканомікі, 12 трлн руб. будуць эквівалентныя 2,4 % ВУП. Міжтым у 2010 г. аб’ём фінансавання дзяржпраграмаў склаў 8,4 % ВУП, у 2011 г. – 8 % ВУП.

Як зазначае эканаміст Аляксандр Сінкевіч, цяпер ва ўрадзе ідзе барацьба двух кланаў. «Першая група выступае за пашырэнне эмісіі ды падтрыманне дзяржаўных прадпрыемстваў, другія дэкларуюць неабходнасць выконваць рэкамендацыі МВФ – скарачаць рублёвую масу», – тлумачыць незалежны эканаміст.

Аднак, як зазначае Аляксандр Сінкевіч, у выніку скарачэння эмісійнага крэдытавання эканомікі могуць спыніць сваю працу да траціны беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Таму, паводле эксперта, да рэкамендацыяў МВФ трэба ставіцца асцярожна. «Цяпер у дзяржпрадпрыемстваў сітуацыя і так даволі крытычная. Трохкратная дэвальвацыя рубля і значнае павышэнне стаўкі рэфінансавання паспрыялі таму, што крэдытныя рэсурсы для папаўнення абаротных сродкаў зрабіліся фантастычна дарагімі. А гэта наўпроставы шлях да банкруцтва і страты кваліфікаванай працоўнай сілы», – зазначае эканаміст.

Аляксандр Сінкевіч таксама не выключае, што шмат хто з чыноўнікаў зацікаўлены менавіта ў такім развіцці падзеяў, бо гэта дасць ім магчымасць паўдзельнічаць у падзеле дзяржаўнай уласнасці і зарабіць на прыватызацыі, бо прадпрыемствы-банкруты будуць распрадаваць за капейкі.

Але і працягваць эмісію – таксама не выйсце, бо гэта прывядзе да паўтору сёлетняй сітуацыі – дэвальвацыі беларускага рубля. «То бок мы загналі сябе ў вельмі цяжкую сітуацыю. Каб «разруліць» яе, патрэбныя вельмі граматныя эканамісты ды экстраардынарныя захады. Але наша ўлада да такіх сцэнараў не гатовая. Таму мой прагноз будучыні беларускай эканомікі вельмі песімістычны», – зазначае Аляксандр Сінкевіч.
belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары